Заўтра, 17 траўня, у Мінску — прэзентацыя кнігі Тамаша Блашчака "Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы. 1918-1940" .
Манаграфія польскага даследчыка з Коўні "Białorusini w Republice Litewskiej. 1918-1940" стала першай спробай шматбаковага аналізу беларускага пытання ў незалежнай Літоўскай Рэспубліцы: ад супрацоўніцтва абедзвюх нацый напярададні 1918 года, праз актуалізацыю беларускага пытання падчас станаўлення літоўскай дзяржавы і яе змагання за незалежнасць, завяршаючы становішчам беларусаў па пытанні Віленшчыны ў 1939 годзе.
Адмыслова разглядаецца дзейнасць беларускай эміграцыі ў Літве, яе інтэграцыя ў літоўскае грамадства, культурная дзейнасць у міжваенным Коўна.
Кніга была выдадзена ўлетку 2017 года Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку. Зараз рыхтуецца беларускі пераклад.
Яе аўтар — Тамаш Блашчак, доктар гісторыі з Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва), сябра аргкамітэта Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Прэзентацыя адбудзецца ў памяшканні "Арт-Сядзібы" (прасп. Машэрава, 18). Пачатак у 20.00. Уваход вольны!
Прэзентацыя ладзіцца ў межах VІI Мінскай канферэнцыі Інстытута "Палітычная сфера" "Нацыянальны суверэнітэт (1918-2018): ідэя і палітычная практыка" .