Пакуль усе назіралі за тым, што адбываецца на беларуска-расейскім "інтэграцыйным фронце", беларускія ўлады таксама трохі шамацелі і на захднім кірунку.
У панядзелак у Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са старшынём Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Андэрсам Кнапэ.
Падчас сустрэчы кіраўнік Беларусі ў які ўжо раз пагадзіўся на словах з неабходнасцю дэцэнтралізацыі мясцовай ўлады ў краіне і зноў дзяжурным чынам запэўніў чарговага высокага госця з Еўропы, што Беларусь мае намер рухацца у кірунку развіцця мясцовага самакіравання.
Але за словамі ніякія структурныя змены не ідуць. Рыторыка ж мае вельмі празаічную падставу:
"Гэта жаданне атрымаць нейкую колькасць рэсурсаў на дэцэнтралізацыю, у якую гатовыя ўкладацца і Еўрапейскі Саюз, і іншыя міжнародныя структуры", — кажа "Белсату" (@belsat ) дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.
Дэцэнтралізацыя сапраўды магла б прынесці адчувальны эканамічны плён, перакананы палітолаг. Але разнявольванне мясцовага чынавенства нясе рызыкі для існае ў Беларусі палітычнае сістэмы.
Зрэшты, з усёй Еўропы Беларусь — адзіная краіна, якая не падпісала Еўрапейскую хартыю мясцовага самакіравання. Тым не менш, падчас сустрэчы з Лукашэнкам Андэрс Кнапэ зазначыў, што мае добрыя ўражанні ад візіту ў нашую краіну і зацікаўлены ў большай супрацы.
"Рада Еўропы традыцыйна любіць такія заявы: што ў Беларусі ўсё значна лепш, чым ёсць насамрэч. Пэўна, такая роля ў Рады Еўропы існуе — завабіць Беларусь у гэтую структуру", — пракаментаваў заяву Андрэй Ягораў.
Спробы, аднак, няўдалыя. Рэцэпт жа, як зрабіць удалым і сапраўдным мясцовае самакіраванне ляжыць на паверхні: свабодныя выбары і заканадаўчая перадача большай кампетэнцыі на месцы. Але сёння ад Беларусі ніхто катэгарычна гэтага не патрабуе.