З 15 траўня ў Лятучым універсітэце пачынаецца серыя выступаў адмыслоўцаў з розных сфер дзейнасці ў фармаце "адкрытай кафедры" .
Сацыяльныя зрухі і новая няроўнасць — тыя тэматычныя рамкі, якія зададуць працу "адкрытай кафедры".
У траўні і чэрвені па серадах будуць праходзіць адкрытыя выступы інтэлектуалаў і адмыслоўцаў, якія закрануць тэму інстытуцыянальных і сацыяльных зрухаў, звязаных з пераходам на інавацыйны тып мыслення і дзейнасці, з імклівым развіццём тэхналогій.
Мы паспрабуем акрэсліць кола змен, якія адбываюцца ў сацыяльных зносінах і статусах, этычных нормах і прававых стасунках, формах забеспячэння бяспекі праз трансфармацыю розных сацыяльных інстытутаў і сфер дзейнасці. Закранем адукацыю, прававое рэгуляванне, медыцыну, культуру і медыясферу.
• Якія новыя групы і слаі паўстаюць у беларускім грамадстве і як разгортваюцца стасункі паміж імі?
• Ці хапае існуючых грамадскіх і культурных інструментаў, каб прадухіліць новыя формы маргіналізацыі?
Адказы на гэтыя пытанні — гэта іншы погляд на тэхналагізацыю, дыгіталізацыю і новую эканоміку. Каб выпрацаваць гэты погляд, мы пачнем разбірацца з тым, што сутнасна мяняе нашае грамадства проста зараз і часта застаецца незаўважным.
Цягам траўня-чэрвеня на "адкрытай кафедры" выступяць: Андрэй Вітушка, Мікалай Галабародзька, Андрэй Ягораў, Таццяна Вадалажская, Зміцер Крук, Аксана Шэлест ды інш.
Сачыце за абвестками на сайце Лятучага ўніверсітэта , і да сустрэчы на "адкрытай кафедры"!