Думаць Беларусь#1669

​​ 3 траўня (заўтра) у кнігарні "Логвінаў" — лекцыя-сустрэча з Ірынай Дубянецкай "Беларускі сакрум. Касмагонія эквіноксу і велікодны цуд"

Гаворачы пра беларускі сакрум, мы маем на ўвазе не проста суплёт сакральных традыцый розных часоў і мясцін, і нават не асэнсаваную рэканструкцыю цэласнага сусвету і цэласнага светабачання, адбітага ў беларускіх народных ці аўтарскіх тэкстах (хаця ўсё гэта служыць матэрыялам для нашых разваг), але, хутчэй, тыя няўлоўныя сэнсы, тыя сымбалі і культурныя коды, што ствараюць глыбінную неўсвядомленую аснову нашай сучаснай ідэнтычнасці.

Гэтым разам гаворка пойдзе пра расцелясненне ключавой падзеі сакральнага салярнага года — вясновага раўнадзенства і яго ўвасабленне ў ключавой падзеі хрысціянскага літургічнага цыкла — Вялікадня.

Беларускія велікодная і вясновая традыцыі набылі з цягам стагоддзяў сваё ўнікальнае аблічча, свае рысы і разуменні, якія і лучылі краіну з шырэйшым светам, і падкрэслівалі яе адметнасць. Нацыянальнае мысленне, літаратура і мастацтва ўвабралі ў сабе іх эстэтыку і глыбінныя сэнсы і перастварылі наноў.

Зараз гэты сусвет рассыпаецца на вачох, траціць сваю шматстайнасць і непаўторнасць.

Што ж застанецца ад гэтых традыцый, што ў іх вартае сучаснага асэнсавання і як яны могуць убудавацца ў наш новы час — пра гэта і пойдзе гаворка падчас лекцыі-сустрэчы з доктарам філасофіі, доктарам сакральнай тэалогіі, біблеістам Ірынай Дубянецкай.

3 траўня, кнігарня "Логвінаў", пачатак — у 19.00.

Чакаецца, што ў пазначаны час на старонцы "Беларускага калегіюма" ў ФБ будзе весціся стрым сустрэчы.

Все посты канала