— Мы разважалі пра аналітыкаў, пра экспертную супольнасць, пра СМІ, але калі гаварыць пра грамадства, дык у дэмакратычнай праўнай дзяржаве нават такая сітуацыя, якая была вакол расійскага амбасадара Бабіча, ужо выклікала б паседжанне парламенцкай камісіі міжнародных спраў з удзелам міністра замежных спраў ці яго намесніка, і дэпутаты б атрымалі поўную інфармацыю, і потым бы давялі яе да журналістаў, а праз іх — да выбарнікаў (акрамя таго, што ўтрымлівае нейкую дзяржаўную таямніцу). Тое ж самае наконт сітуацыі ў Пекіне — у адкрытым грамадстве кіраўнік дзяржавы быў бы вымушаны растлумачыць парламенту, чаму ён скарэктаваў праграму, што там на праўдзе было з Пуціным, пагатоў калі ўзнікаюць пытанні пра пагрозу анексіі. Тут жа мы бачым іншае — тое, што мы называем "парламент", знаходзіцца прыблізна ў такім жа няведанні, як і дзядзькі ў курылцы мінскага трактарнага завода.
— Так, на ўзроўні нашага цацачнага парламента няма магчымасці даведацца пра сітуацыю, ну і ўсё грамадства не мае магчымасці даведацца пра падзеі. І гэта вельмі небяспечна. Бо калі людзі бачаць гэтую пагрозу анексіі, калі яны чытаюць гэтыя інтэрнэт-стужкі і тэлеграм-каналы з вельмі супярэчлівай інфармацыяй, гэта можа прывесці да радыкалізацыі грамадства. Прычым атамізаванасць беларускага грамадства адыгрывае дрэнную ролю. Людзі, асэнсоўваючы пагрозу сваім каштоўнасцям, бачачы, што яны адны, што няма іншых, хто б пра гэта клапаціўся, думаючы, што дзяржава ігнаруе іх інтарэсы і гатовая здаць незалежнасць, — гэтыя людзі могуць пайсці на радыкальныя дзеянні, бо яны проста не бачаць іншага выйсця. Неінфармаванне грамадства пра такія вельмі важныя рэчы ў перспектыве можа выліцца ў вельмі небяспечныя дзеянні.