👉 Ці паспяховае або няўдалае для Бруселя на сённяшні дзень Усходняе партнёрства?
Андрэй Ягораў лічыць, што адказаць на гэтае пытанне адназначна немагчыма. Справа ў тым, што цягам апошніх дзесяці гадоў бачанне Бруселем дадзенай праграмы мянялася.
Спачатку гэта была вельмі амбіцыйная геапалітычная ініцыятыва, якая ставіла на мэце глыбокую інтэграцыю краін-удзельнікаў. Пасля "Арабскай вясны" ўзмацніўся акцэнт на дэмакратычных пераўтварэннях ва Усходняй Еўропе і падтрымцы грамадзянскай супольнасці. Аднак пасля расійкай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе адбыўся рэзкі паварот: Брусель знізіў трансфармацыйныя амбіцыі ў рэгіёне і пачаў рабіць акцэнт на падтрыманні стабільнасці і бяспекі.
"Таму мы не можам сказаць, ці дасягнуў сваіх мэтаў Брусель, бо ў розныя гады былі розныя ўстаноўкі. Праблема ЕС у тым, што Еўропа не мае стратэгічных доўгатэрміновых установак адносна рэгіёна Усходняга партнёрства і наагул міжнароднай палітыкі", — адзначае Андрэй Ягораў.
Менавіта таму палітолаг мае даволі песімістычны погляд на будучыню Усходняга партнёрства. На ягоную думку, цяпер адбываецца бюракратызацыя і рутынізацыя палітыкі гэтай еўрапейскай ініцыятывы, змяншэнне палітычнага складніку і ўвагі да пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека.
"Гэтая тэндэнцыя працягнецца. ЕС не гатовы сёння да перагляду палітыкі Усходняга партнёрства, да пераасэнсавання падыходаў да такіх складаных краін, як Беларусь і Азербайджан", — кажа Андрэй Ягораў.