Думаць Беларусь#1747

​​ 🗣 Андрэй Ягораў: Падчас Еўрапейскіх гульняў можна чакаць і прэвентыўных арыштаў незадаволенных уладай

Беларусь рыхтуецца да Еўрапейскіх гульняў. Каб усё прайшло як трэба ўладам, Лукашэнка падпісаў указ аб дадатковых захадах бяспекі. Паводле дакумента, Мінабароны ўсталёўвае дадатковыя зоны абмежаваных палётаў, а з 17 чэрвеня да 2 ліпеня нельга карыстацца беспілотнікамі паўсюль, дзе ідуць гэтыя Еўрапейскія гульні ці збіраюцца заўзятары. Дроны парушальнікаў будуць канфіскаваць.

Для Еўрагульняў у Мінску абмяжуюць рух транспарту, прыцягнуць да аховы парадку вайскоўцаў з правам ужывання фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі, а ахова ў гатэлях атрымае права правяраць дакументы, валізы і машыны.

Узмацненне захадаў бяспекі — натуральная рэч. Але ў гэтым указе ёсць абмежаванне фундаментальных правоў грамадзян, кажа ў інтэрв’ю "Белсату" палітолаг Андрэй Ягораў:

"Права на распаўсюд інфармацыі, напрыклад, права на валоданне інфармацыяй. І гэта не з’яўляецца тыповым для такога мерапрыемства. Абмежаванне гэтых правоў магчыма толькі ў надзвычайных сітуацыях, а сітуацыя не зʼяўляецца надзвычайнай".

А менавіта, на час Еўрагульняў КДБ, міліцыя і пракуроры змогуць на працягу дня заблакаваць любыя інтэрнэт-старонкі, дзе заклікаюць да недазволеных масавых сходаў ці іншых дзеянняў, цытата, "здольных дэзарганізаваць правядзенне Еўрапейскіх гульняў".

У бліжэйшы час можна чакаць не толькі блакавання інтэрнэт-старонак і мэсэнджараў, але і прэвентыўных арыштаў, папярэджвае Андрэй Ягораў. Бо ўлады лічаць небяспечнымі любыя дэманстрацыі пратэсту і баяцца, што незадаволеныя чым-кольвек грамадзяне зладзяць мірныя акцыі на вачах замежных гасцей.

"Такога кшталту мерапрыемствы, якія могуць быць выкарыстаныя для дэманстрацыі альтэрнатыўнага пункту гледжання, таксама абмяжоўваюцца, і ўсталёўваецца вось гэта нібыта дзеля бяспекі, але фактычна дзеля большай кантролю сітуацыі", — падсумоўвае Андрэй Ягораў.

Все посты канала