🗣 Сацыёлаг Таццяна Вадалажская: Некалькі ўражанняў і разважанняў
Мы абмяркоўваем пытанне "інтэграцыі"!
Нарэшце. Не прайшло і года, як звярнулі на яго ўвагу.
Пішуцца артыкулы і пасты ў сацсетках: "за" ці "супраць", "веру" ці "не веру", "што рабіць" ці "забіць на ўсё". Але нарэшце мы абмяркоўваем. У грамадстве заўсёды ёсць розныя пазіцыі, і яны павінныя быць бачныя.
Цяпер у нас ёсць шанец, што гэтая тэма не сыдзе ў нябыт. Фактычна, зараз гэта галоўнае — вывесці з ценю ўсё, што адбываецца з нашай незалежнасцю. Гэта тое, пра што ўжо год як кажа філосаф Уладзімір Мацкевіч: што б там не падпісвалі "рабочыя групы", мы маем права ведаць, і толькі мы, грамадзяне, можам вырашаць.
Нарэшце краіна звярнула ўвагу. Таму можна сказаць, што невялікі крок да таго, каб "вывесці з ценю" гэтае пытанне сёння зроблены.
Шмат хто зараз піша: "Я, канешне, падпісаў гэтыя ўсе звароты ды петыцыі, але мала веру, што нас паслухаюць".
Як зараз модна казаць: Uh No. Так, нашыя подпісы пад петыцыямі і палымяныя допісы ў сацыяльных сетках і нават запросы да прэм’ера ў раз не скасуюць "саюзную дамову". Але ўсё гэта можа зрабіць нас бачнымі. І што яшчэ больш важна, яно павінна засяродзіць нашую ўвагу на гэтым пытанні. Таму я прапаноўваю не проста петыцыю падпісаць, але і далучыцца да грамадскай кампаніі: Канстытуцыя.бел. Бо ўсё толькі пачынаецца.
Некалі ж мы ўбачым гэты дакумент. Думаю, вельмі хутка. Мы ўбачым шмат малазразумелых пунктаў, кожны з якіх ці не мае крытычнага значэння, ці амаль не выканальны (усё гэта ведаюць тыя, хто сочыць за шматгадовай "інтэграцыяй", а тым, хто не сочыць, могуць патлумачыць аналітыкі і эканамісты — што яны і робяць).
Убачым і... Правільна, нічога! Бо сэнс не ў дакуменце. Ён — "шкляныя пацеркі" ў вялікай гульні.
А ці здольныя мы ўтрымліваць сваю ўвагу на тым, што адбываецца, ці здольныя, каб аналізаваць тактычныя і стратэгічныя захады, механізмы і пытанні?
Не маючы рэальнай практыкі публічнай палітыкі, мы ўсе, у асноўным, гатовыя на "рэакцыю" — падтрымаць, асудзіць, выйсці, не выйсці... Як толькі мы штосьці зразумелі, нам хочацца зрабіць простае "тут і цяпер"-дзеянне, каб за раз расправіцца з праблемай. Мы любім аднахадовачкі, каб потым адразу пайсці займацца ўжо сваімі нармальнымі справамі.
Але не. Так не працуе. Па складаных пытаннях — так не працуе. Тут патрэбна: сачыць, аналізаваць, вызначаць тых, каму давяраеш, давяраць, размаўляць. І быць гатовым да асэнсаваных дзеянняў.
Таму радуюся, што абмяркоўваем і маем шанец "вывесці з ценю" тэму. Але хвалююся, што, не атрымаўшы хуткіх вынікаў, усе сыдуць зноў у прыватнае жыццё. А трэба сачыць, хаця б за тымі людзьмі, хто не адпусціць гэтую тэму.
Я сачу за Уладзімерам Мацкевічам, і вам раю.
#незалежнасць