Думаць Беларусь#2067

​​ ✌️ 🗣 Таццяна Вадалажская — [пра гарант незалежнасці

](https://www.facebook.com/tvodol/posts/2826603490685285 )Вельмі разумныя людзі ўжо які месяц даводзяць мне, что Лукашэнка — гарант незалежнасці Беларусі. Яго нежаданне аддаваць уладу і шматгадовы досвед балансавання і задурвання галавы забяспечвае нам абарону ад "інтэграцый". І заўтра-паслязаўтра ён зноўку пацвердзіць свой статус. І мы зможам схавацца за ягоную спіну, не забыўшыся сказаць "алармістам": "Вось! А наш-та не падвёў! Усё, як і абяцалі!"

Але ж я не магу пагадзіцца з гэтым, ну ніяк. І не таму, што не веру ў яго здольнасці ці прагу да ўлады. Мне гэта агулам абсалютна ўсё роўна — атрымаецца ў яго гэтым разам ці не. Справа ў тым, што ён не можа быць гарантам незалежносці па сутнасці. І гэта не залежыць ад вынікаў перамоваў і падпісаных дакументаў.

Адзіным гарантам незалежнасці краіны з’яўляюцца грамадзяне. Іх выбар, голас і рашэнні. Пры працуючых, нармальных палітычных інстытутах прадстаўніцтва такімі гарантамі могуць стаць прэзідэнт ці парламент. Але і яны будуць толькі прадстаўнікамі гаранта. Калі гэтыя інстытуты не дзейнічаюць, то ніякі самазванец не можа выступаць гарантам. Хай і таленавіты ў ашуканстве і нават, калі ягоныя асабістыя мэты супадаюць з ідэяй незалежнасці.

Сёння ніхто не ёсць гарантам незалежнасці Беларусі. Ці, хутчэй, так: менавіта сёння грамадзяне выказаліся, што яны і ёсць гэтымі гарантамі. І калі казаць пра вынік працы на працягу апошніх месяцаў, то ён ў праяўленні сапраўднага гаранта незалежнасці — супольнасці грамадзян.

Сутнасць кампаніі "Свежага ветра" і настойлівасці Уладзіміра Мацкевіча не ў тым, каб прадухіліць канкрэтнае падпісанне дамоваў, а ў тым, каб грамадзяне вярнулі і пазначылі для сябе гэтую функцыю.

Але гэта толькі пачатак. Рэальная абарона незалежнасці палягае ва ўстанаўленні працуючых палітычных інстытутаў. Калі мы гатовыя быць гарантамі незалежнасці — трэба ўстаўліваць інстытуты.

А паперкі "Саюзнай дзяржавы" ў такіх раскладах — толькі паперкі.

👉 Канстытуцыя.бел

#незалежнасць

Все посты канала