🚫 🗣 Уладзімір Мацкевіч: За пуцінскімі планамі "паглыбленнай інтэграцыі" стаіць доўгатэрміновая стратэгія
Мы нарэшце атрымалі першыя вынікі сустрэчаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама паседжання Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбурзе.
Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза ўзгаднілі план мерапрыемстваў, каб стварыць агульны рынак электрычнасці — праз 5 гадоў, ды падпісалі пагадненне аб пенсіях, якое дазволіць працаўнікам свабодна мяняць краіну працы ў межах аб’яднання.
А што з "паглыбленай інтэграцыяй" Расіі і Беларусі?
Пуцін і Лукашэнка не падпісалі ўсіх "дарожных мапаў" "паглыбленай інтэграцыі" 7-га снежня. Не падпісалі і 20-га. У чарговы раз пахваліліся зробленым за 20 гадоў...
"Калі мы пачыналі гэты працэс, у нас таваразварот быў 9 млрд долараў, а цяпер ён 35,5", — нагадаў Пуцін.
"Мы стварылі адзіную абаронную прастору, адзіную прастору для працы нашых спецслужб, яны ў кантакце працуюць", — намякнуў Лукашэнка.
Але няма дамоваў аб ключавых пазіцыях — агульным рынку нафты, газа і аб агульнай падатковай сістэме. Няўзгодненымі засталіся тры "дарожныя мапы".
"Толькі яны цікавяць беларускі рэжым насамрэч. Усё астатняе навязанае Масквой. І беларускі рэжым у сваіх перамовах сімулюе падпісанне гэтых "мапаў", робячы выгляд, што гэта неістотна. Насамрэч, за пуцінскімі планамі ў гэтых "мапах" стаіць доўгатэрміновая стратэгія", — кажа "Белсату" філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.
Мэта стратэгіі — аднаўленне Савецкага Саюза або Расійскай Імперыі ў магчымых на сёння межах, а заадно і абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Пуціна, мяркуе Уладзімір Мацкевіч.
Пра Савецкі Саюз у Санкт-Пецярбурзе кіраўнік Расіі амаль гадзіну распавядаў здзіўленым партнёрам па СНД, зачытваючы архіўныя дакументы ў абарону сакрэтнага "пакта Молатава-Рыбентропа", якія прадстаўляюць Савецкі Саюз — гарантам бяспекі ў Еўропе, а краіны-саюзнікі антыгітлераўскай кааліцыі — вінаватымі ў пачатку Другой сусветнай вайны.
Хай і ў межах сустрэчаў лідараў СНД і Еўразійскага саюза, але гэта ўжо 11-я сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ад леташняга снежня. З ініцыятывы Масквы ідзе прыцягванне Беларусі да канкрэтыкі ў перамовах, да падпісання дакументаў на падставе ранейшых эканамічных датацый.
"Я б увогуле не назваў гэта працягам перамоваў. Працягваецца канфрантацыя. Ну і, дзякуй богу, хай яна сабе працягваецца да ўсведамлення таго, што Беларусі трэба спыніць гэтыя перамовы і злазіць з нафтагазавай іголкі, на якую падсаджвае нас Расія", — падсумоўвае Уладзімір Мацкевіч.
Уся канкрэтыка, якой падзяліўся Лукашэнка пасля перамоваў — налета Беларусь купіць у Расіі 20-22 млрд кубаметраў газа і 25 млн тон нафты. Кошты — не вышэй за сёлетні ўзровень, але дакладныя лічбы яшчэ будуць вызначаць на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў.
👉 Канстытуцыя.бел
#незалежнасць