Думаць Беларусь#2430

Уладзімір Мацкевіч: Сумленных выбараў у Беларусі не будзе

Ці сапраўды ў Беларусі задзьмуў вецер перамен, ці нешта можа змяніцца ў краіне?

Нешта новае назіраецца, але сумленных выбараў не будзе, кажа "Польскаму радыё" беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

"Сапраўды, такога яшчэ не было. Але гэтая навізна ні пра што не гаворыць, бо кожны раз адбываецца нешта новае і камусьці гэта падаецца знакам нейкіх зрухаў і перамен.

Шчыра кажучы, я не бачу гэтых зрухаў, бо ва ўсім гэтым удзельнічае нелькі тысяч чалавек, якія заўсёды з’яўляюцца на розных апазіцыйных мерапрыемствах і паводзяць сябе то так, то гэтак. Пэўны крэатыў у тым, што адбываецца, ёсць, але калі паглядзець на колькасць людзей і на тых, хто што робіць, то напалову гэта традыцыйныя, сталыя апазіцыянеры, а напалову — людзі, захопленныя нейкай новай ідэяй, двіжухай і г.д. У гэтым сэнсе, я б не сказаў, што, нягледзячы на навізну карцінкі, адбываецца штосьці новае.

Сапраўдных выбараў у Беларусі як не было амаль 25 гадоў, так і няма, і правядзенне сёлета "выбараў" ва ўмовах, створаных рэжымам, гэта проста злачынства, гэта ўдзел у злачынстве рэжыму. Можна ўзгадаць, як адбываліся "выбары" ў Польшчы да часоў "Салідарнасці". У Беларусі зараз тое самае, гэта сімуляцыя, а не выбары, ніякай дэмакратыі ў гэтым няма, ніхто галасы не лічыць і ўсё адбываецца па сцэнары, прапісанным уладамі.

Таму, незалежна ад таго, шчыра ідуць "кандыдаты" на гэтыя "выбары" ці іх хтосьці падштурхнуў, гэта ўжо не істотна".

Адкуль узяўся Сяргей Ціханоўскі і куды ён можа завесці беларускую палітыку? Ці рацыю можа мець Лукашэнка, які намякаў, што папулярны блогер звязаны з Расіяй?

Уладзімір Мацкевіч працягвае:

"Тое, што Расія зацікаўленая ў дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, гэта досыць відавочна, гэта на кожных "выбарах" назіраецца, і гэта мы назіраем усе апошнія гады. Але ніякіх доказаў ці падстаў лічыць, што менавіта Ціханоўскі, якога так і не зарэгістравалі прэтэндэнтам на "кандыдаты", з’яўляецца нейкім правадніком расійскай палітыкі дэстабілізацыі, у мяне няма.

Калі Лукашэнка гэта гаворыць, то, ведаеце, ён заўсёды хлусіць, але ў чымсьці ён прагаворваецца і кажа пэўную праўду. Напрыклад, ён аб’яднаў у адным выказванні і Бабарыку, і Цапкалу, і Ціханоўскага, і пра ўсіх сказаў нешта дрэннае. Але сказаў і тое, што на Ціханоўскага ўлады будуць ціснуць, на Бабарыку і Цапкалу ёсць кампарамт. Улады кантралююць усіх гэтых "кандыдатаў".

Навошта такі гвалт адносна Ціханоўскага? Ну, незалежна ад таго, ці ёсць у яго сувязі з Расіяй ці няма, гэта проста запалохванне, і не больш за тое. А ўсё іншае, пра што Лукашэнка гаворыць асабліва ў такіх прамовах, веры гэтаму няма ніякай".

Ответ на пост 2429

Все посты канала