Думаць Беларусь#2767

​​ Таццяна Вадалажская: Салідарнасць беларусаў грунтуецца на маральных каштоўнасцях

Пяць гадоў таму мы рабілі сацыялагічнае даследаванне "Патэнцыял салідарнасці ў беларускім грамадстве" (PDF; сайт ЦЕТ заблакаваны ад 9 жніўня — дасяжны праз VPN), шукаючы тое, на што можа абаперціся вось такі двіж, які мы бачым гэтыя апошнія дні.

Тады мы вырашылі пайсці не наўпрост. Мая ідэя палягала ў тым, што магчымасць салідарнасці базуецца на агульным стаўленні да пэўных ідэй, сімвалаў, слоў. Калі ў карціне свету розных людзей тыя ці іншыя рэчы займаюць падобнае, блізкае месца, то і рэакцыя на нейкія падзеі ці дзеянні, звязаныя з гэтымі рэчамі, мусіць быць блізкая. У гэтым (прынамсі часткова) палягае патэнцыял ці магчымасць салідарнасці, то бок аднолькайвай рэакцыі (не згаворваючыся) і апазнанне "такіх, як я", а далей і дапамога, і супольныя дзеянні нават з тымі, каго не ведаў раней.

Тады, 5 гадоў таму, мы праверылі патэнцыял такіх паняткаў, як "правы чалавека", "стабільнасць", дзве даты святкавання Дня Незалежнасці і яшчэ шэрагу актуальных ідэй з грамадска-палітычнага рацыёну.

Калі казаць вельмі абагульнена, такога патэнцыялу мы не знайшлі. І справа была не толькі ў рознасці ацэнак, але і ў тым, што стаўленне да ўсяго, што мы прапанавалі для ацэнкі, было невыразнае, гэта ўсё было не надта важным для большасці.

Але сёлетнія падзеі паказваюць, што салідарнасць ёсць. І яе патэнцыял трэба было шукаць не ў ідэях, а ў маральных ацэнках — праўды, чалавечнасці, сумлення. У гэтых ацэнках мы аказаліся адзінымі, незалежна ад поглядаў, геапалітычных арыентацый, сімвалаў.

Все посты канала