Думаць Беларусь#2984

​​ 👉🏿 Таццяна Вадалажская лічыць:

"Пратэсты, што ідуць цяпер, беспрэцэдэнтныя па ўсім: па масавасці, па працягласці, па геаграфічным ахопе. І яшчэ, што важна, па ўключанасці самых розных сацыяльных, прафесійных і ўзроставых груп. Іх эфектыўнасць вельмі высокая.

Што можа пратэст? Зрабіць бачнай пазіцыю грамадзян і паказаць сілу ўпэўненасці ў гэтай пазіцыі. Нашы пратэсты ўсё гэта робяць. Яны нясуць абсалютна зразумелы і агульны мэсэдж: непрызнанне "выбараў", патрабаванне аб вызваленні вязняў і прыцягненні вінаватых да адказнасці за гвалт. Людзі паказалі, што яны нязменна прыхільныя гэтай пазіцыі і гатовыя далей яе адстойваць.

Але сам грамадскі пратэст — гэта толькі частка агульнага грамадска-палітычнага працэсу. І менавіта палітычная частка пакуль "адстае", то бок выхад супрацьстаяння ад дэманстрацыі пазіцыі да перамоваў па выхадзе з крызісу. Пратэст ёсць умовай такога пераходу і развязання крызісу, і пакуль ён добра выконвае сваю функцыю. Асабліва калі ўлічыць пашырэнне і змену фарматаў дзеяння пратэстоўцаў, высокі ўзровень салідарнасці і падтрымкі.

Калі казаць, чаго зараз не хапае, то падвышэння легітымнасці Каардынацыйнай рады, якая можа выступаць ад імя грамадзян на палітычным узроўні.

Навукоўцы, якія актыўна ўключыліся ў пратэст, гэта вельмі добры паказчык інклюзіўнасці грамадскага дзеяння. Мэты і ідэі пратэсту адны на ўсіх грамадзян: чыгуначнікаў, студэнтаў, медыкаў, спартоўцаў, рабочых, бізнесоўцаў і навукоўцаў. То бок, няма падзелу ні па маёмасных прыкметах, ні па ладзе жыцця.

Але пры гэтым навукоўцы ў гэтай сітуацыі маюць і сваё асаблівае месца. Не сакрэт, што ад самага пачатку цяперашняга рэжыму менавіта сектар навукі і адукацыі вельмі моцна "стэрылізаваўся": звальнялі людзей з выразнай грамадскай пазіцыяй, з крытычным мысленнем. А потым і самі інстытуты мыслення падпарадкавалі патрэбам дзяржавы, а не прынцыпам нармальнага развіцця навукі. Была скасавана выбарнасць рэктароў і кіраўнікоў акадэміі, скасавана аўтаномія думкі ад ідэалогіі. І сёння пратэсты навукоўцаў паказваюць, што нягледзячы на тое, што адбывалася больш за 20 гадоў у сферы, там засталося жывое зерне.

Працэсы, якія цяпер ідуць у Акадэміі, звязаны з вяртаннем аўтаноміі і ўсталяваннем стасункаў унутры супольнасці, яны даюць дарогу мысленню, а не падпарадкаванню. Таму гэтыя пратэсты важныя не толькі для актуальнага моманту, але і для будучыні. Бо без нармальнай інтэлектуальнай сферы грамадства не можа нармальна развівацца".

@methodology_by

Все посты канала