Ужо шостая прысяга Лукашэнкі адбылася на тле працяглых грамадскіх пратэстаў. Сёмы тыдзень не згодныя з вынікамі прэзідэнцкіх "выбараў" беларусы патрабуюць адстаўкі афіцыйна абвешчанага кіраўніка.
У сваю чаргу, ЗША і Канада заявілі пра непрызнанне "інаўгурацыі". Легітымнасці не пабачылі краіны Балтыі, Нямеччына, Чэхія, Польшча, Славаччына, Данія, Нідэрланды і Вялікая Брытанія.
Дэкларацыю з нагоды апублікаваў і высокі прадстаўнік Аб’яднанай Еўропы, адзначыўшы, што пераглядае дачыненні з Беларуссю.
Не прызнала мандату таксама суседняя Украіна. Прэзідэнт Зяленскі нават скасаваў планаваны візіт у Беларусь для ўдзелу ў Форуме рэгіёнаў.
Дагэтуль не павіншаваў Лукашэнку і ягоны найбліжэйшы паплечнік Пуцін. Запрашэння не атрымалі нават дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі.
"Тое, што ён абвешчаны нелегітымным, вядома, у тым ліку, значыць, што пад сумнеў трапляюць любыя вонкавапалітычныя дзеянні ды пагадненні, якія падпісвае Лукашэнка. То бок, любыя перамовы з Расіяй сёння могуць быць потым пад пытаннем праз нелегітымнасць", — кажа "Белсату" палітолаг Андрэй Ягораў.
Павіталі ж кіраўніка Беларусі з уступленнем на пасаду пакуль толькі дзве краіны — Туркменістан і Кітай.
"Урады Туркменістана і Кітая маюць тую самую легітымнасць, як і Лукашэнка. То бок, ніякай там няма дэмакратыі, легітымнасць дасягаецца коштам таго, што сістэмы аўтарытарныя і працуюць амаль што гэтак, як у Беларусі", — распавядае Андрэй Ягораў.
Разам з тым, як адзначае палітолоаг, Кітай — адзін з галоўных сусветных гульцоў. І следам за ім "інаўгурацыю", што выклікае пытанні як да самое працэдуры, гэтак і да легітымнасці лідара, можа падтрымаць Расія ды некаторыя іншыя краіны.