Андрэй Ягораў: Людзі гатовыя да супольных дзеянняў і чакаюць відавочнага плану
Прэм‘ер-міністр, кіраўнікі абедзвюх палат парламента, Вярхоўнага суда, Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўнікі абласцей і сілавых ведамстваў — агулам больш за 20 чалавек. Лукашэнка ўчора сабраў кіраўніцтва краіны на нараду ў Палацы незалежнасці. Апроч палітычных ды эканамічных пытанняў, вылучылі асобны блок пытянняў грамадскай бяспекі.
Нарада працягвалася некалькі гадзін, але пра яе вынікі цягам дня інфармацыі не з’явілася.
Палітолаг Андрэй Ягораў кажа "Белсату" , што тры вылучаныя блокі паказваюць тры галоўныя праблемы цяперашняга дзяржаўнага кіравання:
"Відавочна, што гэтыя пытанні найбольш балючыя для ўладаў, і яны спрабуюць абмяркоўваць, як выйсці з гэтых крызісных з’яваў. А не абвяшчаецца нічога відаць таму, што абʼявіць пакуль — нічога няма".
У нядзелю ўлады збіраюць вялікую акцыю ў Мінску на знак падтрымання Лукашэнкі. Паводле паведамленняў з розных рэгіёнаў краіны, на прадпрыемствах масава адбываюцца сходы, дзе людзей угаворваюць паўдзельнічаць у мерапрыемстве — за грошы, адгулы ці пад пагрозай звальнення.
У панядзелак ужо была спроба правесці праўладную акцыю адначасова з Маршам пенсіянераў. Пазаучора ж Лукашэнка зноў паабяцаў навесці парадак на вуліцах Мінска.
У гэтую нядзелю скончыцца тэрмін "Народнага ўльтыматуму", які Святлана Ціханоўская абвесціла 12-га кастрычніка. На думку Андрэя Ягорава, ніякіх прыкметаў таго, што ўлады прыслухаюцца да патрабаванняў, не відаць:
"Няма ніякіх відавочных крокаў і зрухаў, акрамя тэндэнцыі да таго, што людзей выпускаюць з СІЗА, але яны застаюцца пад хатнім арыштам і крымінальныя справы з іх не здымаюцца. Гэта, безумоўна, пазітыўныя крокі, але гэта далёка да таго, што патрабуе грамадства — вызваленне ўсіх палітычных зняволеных".
Учора ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай апублікаваныя гарантыі для тых, хто падтрымае ўсеагульны страйк у выпадку невыканання ўмоваў ультыматуму — уся магчымая дапамога ад фондаў салідарнасці. Калі ж законнасць у краіне адновіцца, адзначаецца ў заяве, скасуюцца ўсе звальненні, анулююцца штрафы і судзімасці.
На думку Андрэя Ягорава, цяпер людзі гатовыя да супольных дзеянняў і чакаюць відавочнага плану.