Таццяна Вадалажская: [Пастаноўка мэты "вяртанне Ціханоўскай" павінна зарганізаваць дзеянні па яе дасягненні
](https://www.facebook.com/tvodol/posts/3913870391958584 )Вяртанне і арышт Навальнага прадказальна спарадзілі шмат параўнанняў з ідэяй "вяртання Ціханоўскай", выказанай Мацкевічам.
Шмат слушнага было сказана пра рознасць персон, пазіцый і сітуацый. Але галоўнае — што гэта прынцыпова іншая прапанова.
Вяртанне Ціханоўскай — "што бы што"?
Каб маральна падбадзёрыць ці ўзначаліць пратэст?
Гэта бессэнсоўна. Дзеля гэта не трэба такой рызыкі.
Але асэнсавана — "вяртанне Ціханоўскаў для ўдзелу ў перамовах".
Патлумачу.
Гэта азначае, што "вяртаннем" мы можам пазначыць пэўную, дакладна акрэсленую кропку ў агульнай дарожнай мапе руху да змены палітычных інстытутаў у краіне. Пазначыць яе як кропку (ці як маркер), якім будзе адзначаны пераход на наступны этап у змаганні.
Адкуль возьмуцца перамовы, дзеля ўдзелу ў якіх прыбудзе нацыянальны лідар?
Гэта нашая праца, сканцэнтраваная на дакладнай мэце, сінхранізаваны рух самых розных суполак, груп і адзінак. Мэта (прамежкавая мэта, бо перамовы — гэта толькі пералом і пачатак пераўсталявання краіны) — арганізацыя ціску, сітуацыі выхаду на перамовы і, зразумела, арганізацыя забеспячэння сустрэчы і аховы Ціханоўскай.
Але ніякая ахова і громкая сустрэча не мае сэнсу, калі не будзе падрыхтаваная месца і сітуацыя.
Кампанія па вяртанні — гэта не асабістае гераічнае рашэнне Святланы (ці яе штаба). Гэта тое, што сістэматызуе і арганізуе нашую з вамі дзейнасць.
Вы скажаце, дык мы і так змагаемся "ва ўсю мошч".
Але ўзгадайце чароўную сілу дэдлайну. Ён задае нам канкрэтны вобраз выніку і час, які можна разлічваць, арганізуе і сінхранізуе нашае дзеянне.
Але, не гледзячы на тое, што гэта найперш нашая праца і высілкі, сама падзея і мэта павінныя быць пазначаныя. І гэта патрабуе высілкаў ад штаба і Святланы.
Сама падзея і мэта не могуць быць пазначаныя, калі няма той дарожнай мапы, дзе яны выглядаюць лагічным пунктам руху.
Без агульнай мапы, без разумення сэнсу кампаніі, "вяртанне" не патрэбнае.