Думаць Беларусь#3752

​​ Уладзімір Мацкевіч: Знешнія санкцыі і дапамога — гэта толькі адзін са шматлікіх фактараў, якія могуць дапамагчы, калі мы самі ведаем, што нам рабіць

Праз 45 дзён зноў пачнуць дзейнічаць санкцыі ЗША супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта ўчора падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Вільні паведаміла амерыканскі амбасадар у нашай краіне Джулі Фішэр.

Бліжэйшымі днямі стане вядома і дата, калі ЕС увядзе супраць дзеячоў рэжыма Лукашэнкі ўжо чацвёрты пакет санкцый. Яшчэ амаль сямідзесяці асобам, датычным да рэпрэсій у Беларусі, пагражае не толькі забарона на ўезд у ЕС, але і абмежаванні на банкаўскія рахункі.

Апроч таго, вядзецца праца па сінхранізацыі еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыйных спісаў.

Пры ўсім пры тым, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч ўпэўнены, што развязаць праблемы Беларусі можа толькі ўласная грамадзянская супольнасць краіны і працяг пратэстаў:

"А санкцыі, дапамога ЕС, ЗША, расейскай апазіцыі, Украіны і г.д. — гэта толькі адзін са шматлікіх фактараў, якія могуць нам дапамагчы, калі мы самі ведаем, што рабіць".

Адначасова з пашырэннем заходніх санкцый адбываецца візіт міністра замежных справаў Макея ў Швейцарыю. Паводле афіцыйнай версіі, паездка звязаная з удзелам у 69-й сесіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН і сустрэчамі з шэрагам еўрачыноўнікаў, сярод якіх вярхоўны камісар ААН у пытанні правоў чалавека.

Уладзімір Мацкевіч перакананы, што ААН не можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, пакуль тая не пагражае суседзям:

"Калі б Беларусь стала ўдзельніцай вайны Расеі супраць Украіны, то тады ААН мог бы адрэагаваць, і то вельмі слаба. А санкцыі і іншыя падобныя дзеянні могуць прымаць іншыя структуры, кшталту ЕС", — кажа метадолаг "Белсату" .

@methodology_by @matskevich_u

Все посты канала