Думаць Беларусь#3905

Андрэй Ягораў: Дзеянні рэжыму Лукашэнкі і далей будуць рабіць беларускае пытанне актуальным для міжнароднай бяспекі

Злучаныя Штаты Амерыкі анансавалі ўвядзенне новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Іх плануюць прыняць ужо на наступным тыдні. Пра гэта ўчора падчас форума GLOBSEC Bratislava заявіла намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд.

Форум GLOBSEC Bratislava сёлета быў прысвечаны аднаўленню свету пасля пандэміі COVID-19. У сталіцы Славаччыны ўжо 16 гадоў запар эксперты і палітыкі абмяркоўваюць міжнародныя стасункі і пагрозы глабальнай бяспецы. А дзеянні рэжыму Лукашэнкі якраз такой пагрозаю сталі.

"Адзіны спосаб паважаць правы і выбар беларусаў — гэта правесці сапраўды празрыстыя і праўдзівыя выбары. Відавочна, што спадар Лукашэнка баіцца гэта зрабіць. Як і ЕС, мы ўвялі пэўныя санкцыі, і я мяркую, на наступным тыдні вы пабачыце іх яшчэ больш", — заявіла намесніца дзяржсакратара ЗША.

Так Вікторыя Нуланд пазначыла пазіцыю ЗША і падсумавала абмеркаванне беларускага пытання на перамовах Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна:

"Прэзідэнт Байдэн ясна даў зразумець, што тое, што адбылося з пасадкай авіярэйса з выцягваннем з самалёта дысідэнта, каб потым яго прадэманстраваць, гэта проста беззаконне".

Пазаўчора на саміце ў Жэневе амерыканскі прэзідэнт публічна падкрэсліў: ЗША вяртаюцца ў міжнародную палітыку, і правы чалавека заўжды будуць на парадку дня.

"Роля ЗША ў гэтым рэгіёне не такая важная, як роля ЕС. Таму тут важны альянс і разуменне адносін ЗША, і пазіцыя сумесная з ЗША. Але ўсё будзе вызначаць, як гэта будзе пакладзена ў практычныя рашэнне Еўрапейскім Саюзам", — тлумачыць "Белсату" палітолаг Андрэй Ягораў.

Як мяркуе адмысловец, добра, што пра Беларусь публічна ўзгадалі падчас саміта, да якога была прыкутая ўвага ўсяго свету. Хаця перамовы былі занадта кароткія, а між ЗША і Расеяй назбіралася шмат іншых праблем, акрамя падтрымкі Лукашэнкі Масквой.

Учора пуцінскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пазіцыі Вашынгтона і Масквы ў беларускім пытанні зблізіць немагчыма і адносна прымусовай пасадкі рэйса Ryanair Пуцін давярае версіі, прапанаванай Лукашэнкам.

Раней паліцыя і спецслужбы Грэцыі заяўлялі, што падрыхтоўка перахопу авіярэйса Афіны-Вільня праходзіла з удзелам расейскіх спецслужб. Так што Масква падтрымлівае Лукашэнку ў гэтым пытанні адразу з некалькімі матывамі.

"Лукашэнку патрэбныя не столькі словы рытарычныя, якія гучаць пастаянна з боку Расеі, колькі рэальныя дзеянні Расеі ў падтрымцы гэтага рэжыму, і ў асноўным гэта звязана з фінансавай падтрымкай. І тут мы бачым, што яе не вельмі шмат, яна амбівалентная, ёсць пытанне транзіту газа праз Беларусь", — нагадвае Андрэй Ягораў.

Пры гэтым, як мяркуе палітолаг, дзеянні Лукашэнкі кшталту прымусовай пасадкі самалёта ці цынічнага выкарыстання нелегальнай міграцыі супраць суседніх дзяржаў будуць і далей рабіць пытанне беларускага крызісу актуальным для міжнароднай бяспекі.

@methodology_by

Все посты канала