Таццяна Вадалажская: Калі ўлады Беларусі страчваюць здольнасць кіраваць, то на Усходзе ёсць вялікі суб’ект, які б хацеў кіраваць тут замест іх
Учора споўнілася 30 год як Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР набыла статус канстытуцыйнага закону — Беларусь зрабілася незалежнаю дзяржавай.
Але наколькі яна незалежная цяпер? "БЛСTV" запытаўся ў сацыёлага Таццяны Вадалажскай.
Як змянілася стаўленне беларусаў да незалежнасці сваёй краіны?
Таццяна Вадалажская звярнулася да даследаванняў, якія паказалі, што за 2019 год сярод беларусаў істотна ўпала падтрымка інтэграцыі з Расеяй: з 60,4% да 40,4% . Яна тлумачыць, што тады людзі адчулі грамадзянскую адказнасць за незалежнасць, адчулі небяспеку т.зв. "паглыбленнай інтэграцыі". Сёння, мяркуе яна, гэты паказнік зніжаецца яшчэ больш — накладаецца недавер да дзеючых уладаў Беларусі.
Сацыёлаг лічыць, што якраз з пачатку 2019 года назіралася новая хваля небяспекі страты незалежнасці ў межах г.зв. "Саюзнай дзяржавы". Яна нагадвае, што тады філосаф Уладзімір Мацкевіч, цяпер зняволены, распачаў кампанію "Свежы вецер", каб процістаяць гэтай небяспецы. І тады — яшчэ да "выбараў"-2020 — людзі сабраліся на вулічны пратэст і сталі ў "ланцугі салідарнасці".
Што пагражае незалежнасці Беларусі?
Таццяна Вадалажская пералічвае тры чыннікі, якія пагражаюць незалежнасці:
1. Якасць кіравання дзяржавай і эканомікай пагаршаецца, вымываюцца кадры актыўныя і скіраваныя на развіццё.
2. "Саюзныя дамовы", якія, калі будуць рэалізаваныя напоўніцу, прынясуць значную страту суверэнітэту.
3. Кіраўніцтва дзяржавы, якое нічога не цэніць больш за сваю ўладу.
Ці пагражаюць незалежнасці санкцыі і непрызнанне Лукашэнкі?
Сацыёлаг нагадвае, што санкцыі — найперш пагроза для рэжыму, ды калі дзейная ўлада страчвае здольнасць кіраваць, то ёсць "вялікі суб’ект на Усходзе, які б хацеў кіраваць на гэтай тэрыторыі".