Думаць Беларусь#4061

​ Андрэй Ягораў: Сапраўднага жадання інтэгравацца з Расеяй няма нават у цяперашніх беларускіх уладных колаў

Учора ў Маскве адбылася чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна — ужо пятая па ліку сёлета. Цэнтральнай тэмай была фіналізацыя працэсу "паглыбленнай інтэграцыі" ў межах т.зв. "Саюзнай дзяржавы", рашэнне аб стварэнні якой ўлады Беларусі і Расеі прынялі яшчэ больш за 20 гадоў таму.

Падчас сустрэчы было заяўлена аб гатоўнасці ўхваліць 28 інтэграцыйных "саюзных праграм", раней гаворка шла пра 31 "дарожную мапу". Што хаваецца за зменай колькасці ды назвы, пакуль не вядома. У Мінску цвердзяць, што гаворка — пра дакументы для выканання, а не пра дэкларацыі аб намерах. Называюць нават дакладны тэрмін падпісання: сярэдзіна ці канец восені.

На думку экспертаў, частыя візіты кіраўніка Беларусі ў Расею звязаныя з фактычнай ізаляцыяй ад ЗША і ЕС. Аднак нават загнаны ў кут, Лукашэнка не спяшаецца ісці на саступкі:

"Ідэя інтэнсіфікаваць зараз працэс нарадзілася выключна ў Крамлі, таму што нават у сучаснай беларускай эліты рэальнага жадання інтэгравацца няма. Яны хочуць захаваць поўную незалежнасць настолькі, наколькі гэта магчыма. Але хочуць глыбокай кааперацыі, каб атрымліваць эканамічныя прэферэнцыі", — кажа БЛСTV палітолаг Андрэй Ягораў.

Па сутнасці, гаворка вядзецца пра абмен палітычнай лаяльнасці Лукашэнкі на эканамічныя палёгкі. Упершыню гаворка пра "дарожныя мапы" зайшла ў 2018 годзе. Мяркуецца, што іх асноўныя пункты — збліжэнне макраэканамічнай палітыкі, грашова-крэдытныя пытанні, супольныя аграрная і прамысловыя сферы, мытная дамова. А таксама захаванне фіксаванай цаны на нафту для Беларусі. Аднак што дакладна напісана ў "мапах", або ў "праграмах", дасюль не вядома:

"У нас на стале запакаваны стос паперы, і незразумела, што там напісана. І мы не ведаем, што гэта. Гэта дамова паміж бакамі? Гэта пагадненне аб намерах? Гэта набор добрых пажаданняў? Віншавальныя паштоўкі? Мы не ведаем", — разводзіць рукамі Андрэй Ягораў.

Што ж да беларусаў, то рэальнае збліжэнне з Расеяй мала каго ўсцешыць:

"Прыход Расеі ўспрымаецца як прыход у даволі ўпарадкаваную сістэму стаўлення да Беларусі. Гэта ўладныя анархіі, карупцыі, рэйдарства ў бізнесе. То бок, прыйдзе вось гэтае вось усё, пра што людзі чытаюць у расейскіх навінах. І разумеюць, што з гэтым можа сутыкнуцца Беларусь", — дадае палітолаг.

@methodology_by

Все посты канала