24-25 верасня "Беларускі Калегіюм" ладзіць фестываль ідэй: ["Абдзіраловіч-2021": У пошуках сваёй сацыяльнай тэорыі: як (беларусам) зразумець беларусаў?"
](https://fb.me/e/ZALIR2t9 )Сацыяльныя і палітычныя змены, якія мы назіраем у Беларусі і свеце цягам апошніх двух гадоў, іх выбуховы ды непрадказальны характар, змушаюць нас задумацца і задаць сабе падставовыя пытанні:
• Ці разумеем мы ўласнае грамадства ў яго цэльнасці і разнастайнасці, ягоную ўнутраную форму і гістарычную дынаміку, а таксама знешнія фактары, што на яго ўплываюць і яго трансфармуюць? Ці дастаткова ў нас для гэтага тэарэтычных сродкаў?
• У якой ступені мы можам ужываць даследчыя канцэпцыі і мадэлі, паўсталыя на аснове аналізу іншых грамадстваў (украінскага, польскага ды іншых (сярэдне-)еўрапейскіх)?
• Якія схемы, паняткі, сацыяльна-палітычныя канцэпцыі, распрацаваныя беларускімі аўтарамі, пасуюць да разумення цяперашніх падзей, у чым іх моцныя і слабыя бакі?
• І ці не патрэбны нам свой "Франкфурцкі інстытут сацыяльных даследаванняў" для асэнсавання падзей у Беларусі і свеце на пераломным этапе беларускай гісторыі?
На гэтыя ды іншыя пытанні цягам двух дзён будуць спрабаваць адказваць беларускія інтэлектуалы: Ігар Бабкоў, Павел Баркоўскі, Аляксей Кажарскі, Андрэй Казакевіч, Мікалай Кацук, Генадзь Коршунаў, Анатоль Панькоўскі, Андрэй Ралёнак, Пётр Рудкоўскі, Макс Шчур, Таццяна Шчытцова, Андрэй Ягораў, Marci Shore, а таксама госці з Польшчы, Літвы, Чэхіі ды ЗША.
Аўтарскія выступленні, дыскусіі і круглыя сталы, падсумаванні і прэзентацыі ідэй — усё гэта будзе адбывацца 24-25 верасня, ад 14-й да 19-й гадзіны, у фармаце Zoom.
Фестываль будзе транслявацца на ФБ-старонцы і YouTube-канале "Беларускага Калегіюма".
Арганізатары запрашаюць усіх далучацца да падзеі, задаваць свае пытанні падчас трансляцыі ды выказваць меркаванні ў каментарах.