Думаць Беларусь#4105

​ Андрэй Ягораў: Пошук шпіёнаў — гэта законнае развіццё рэпрэсіўнай логікі аўтарытарнага рэжыму

Варожыя шпіёны перашкаджаюць ураду Рамана Галоўчанкі ўтрымліваць эканоміку ад падзення. Бо зліваюць "калектыўнаму Захаду" асабліва сакрэтную інфармацыю, як чыноўнікі Лукашэнкі спрабуюць абыйсці еўрапейскія і амерыканскія санкцыі. Пра гэта заявіў Лукашэнка, прымаючы чальцоў ураду са справаздачай.

Справаздача міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка і віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава пра экспартныя паказнікі і фінансы ператварылася ў шпіёнска-вытворчую драму — пра заходніх шкоднікаў на беларускіх заводах.

Лукашэнка загадаў міністрам давесці да дырэктараў прадпрыемстваў загад шукаць заходніх шпіёнаў сярод рабочых: "Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга... Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы і нашай дзяржаве".

Пошук шпіёнаў і дыверсантаў — гэта законнае развіццё рэпрэсіўнай логікі аўтарытарнага рэжыму, тлумачыць БЛСTV палітолаг Андрэй Ягораў. Калі з найвышэйшага ўзроўню ідзе загад шукаць шкоднікаў сярод прадпрымальнікаў — трасуць бізнес, вінаватымі прызначаюць блогераў — ідзе хваля арыштаў блогераў. Цяпер спецслужбы Лукашэнкі ўзяліся за рабочых, бо мірны грамадзянскі супраціў не знік, а праблемы ў эканоміцы толькі нарастаюць:

"Раней ці пазней гэта можа даходзіць да палявання ва ўласных структурах: чаму мы ўсіх пакаралі, а ў нас паказнікі не растуць, хто вінаваты? Міністры, замміністры, выканаўцы адміністратыўнай вертыкалі, якія насамрэч зʼяўляюцца шпіёнамі і падрыўнікамі, і г.д.", — тлумачыць палітолаг.

Цяпер у Беларусі працягваюць затрымліваць рабочых, якія заяўлялі пра забастоўку. Праваабарончы цэнтр "Вясна" высветліў прозвішчы 16-ці затрыманых — гэта працаўнікі "Гродна Азоту" і Беларускага металургічнага завода. Некалькі з іх ужо вызваленыя, частка сядзіць у Следчым ізалятары КДБ.

Раней стала вядома пра затрыманні на Беларускай чыгунцы. Графістка Цэнтра кіравання перавозкамі Ганна Аблаб і былы дыспетчар Сяргей Дзюба затрыманыя нібыта паводле артыкулу "здрада дзяржаве", гэтаксама, як і слесар-рамонтнік БМЗ Аляксандр Гашнікаў. Вядома, што яны таксама ў "амерыканцы" — СІЗА КДБ.

Тым часам дзяржаўнае тэлебачанне з падачы КДБ паведаміла пра затрыманне чалавека, які прывозіў у Беларусь зброю і рабіў схроны для тэрарыстычных групаў:

"Гэта такая рэгулярная зʼява, і верыць ім ніяк нельга, бо чаго мы толькі за гэтыя гады не чулі. І пацукі былі ў водаправодзе, і зброя ў грамадзянскіх актывістаў, якая не знайшлася, і справа "Белага легіёну", дзе таксама фігуравала зброя, і джыпы прарываліся праз мяжу, і вагнераўцаў затрымлівалі, якія інспіравалі тут нейкія вайсковыя дзеянні, і потым кудысьці зніклі", — нагадвае Андрэй Ягораў.

Пры гэтым КДБ заяўляе, што затрыманы — не проста перавозчык зброі, а кілер, які нібыта мусіў забіць дэпутата Алега Гайдукевіча.

@methodology_by

Все посты канала