Думаць Беларусь#4129

​ "Так працуе тэрарызм: каб баяліся ўсяго". Сацыёлаг Таццяна Вадалажская — пра рыторыку ўладаў пасля забойстваў у Мінску

Падчас страляніны ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Мінску загінулі баец КДБ і айцішнік, у жытло якога ўварваліся сілавікі. Яшчэ да расследавання здарэння ўлады пагражаюць помстаю і зачысткамі, а ўсіх нязгодных называюць "тэрарыстамі". Былы кіраўнік Генштабу, а цяпер дэпутат Белаконеў ужо заклікаў забіць сотню чалавек у адказ на забойства аднаго байца КДБ.

Да чаго гэта ўсё вядзе, "БЛСTV" тлумачыць сацыёлаг Таццяна Валадажская.

Галоўным вынікам нагнятання, мяркуе яна, стане павелічэнне ірацыянальнасці. Радыкалізуюцца цяпер абодва бакі, а радыкальныя прапановы загучаць мацней.

"Зразумела, што канфлікт у грамадстве нікуды не знікае, — кажа Таццяна Валадажская. — Адзін бок падтрымліваецца дзяржаваю, рэжымам усімі сродкамі. Другі бок выступае за чалавечае самавыяўленне, праявы свабоды. Канфлікт пераходзіць у больш эмацыйную сферу. Сама рыторыка экстрэмізму, тэрарызму, узброеных дзеянняў пераводзіць людзей у тое, каб усё ўспрымаць менш рацыянальна, больш эмацыйна, падштурхоўвае да базавага страху.

Гэта тое, на што працуе тэрарызм: каб чалавек пачынаў баяцца агулам усяго. Нават не нейкага дзеяння".

Ці пагоршыцца сітуацыя?

Таццяна Валадажская разважае: павелічэнне эмацыйнасці не дазваляе рухацца разумна далей, выбудоўваць стратэгіі. Звужаюцца магчымасці выхаду з палітычнага крызісу. Тое, што ўлады правакуюць на эмацыйнасць, закрывае пытанне будучага рэферэндуму, яны абмяркоўваюць ужо не змены ў Канстытуцыю. Увага факусуецца на адчуванні небяспекі, агрэсіі. Расце і колькасць тых, хто з’едзе з краіны.

"Прымірэнне магчымае толькі пасля развязання палітычнага крызісу, інакш гэта будзе адсоўваннем нявырашанага ўбок, — звяртае ўвагу сацыёлаг. — Выпадкі замірэння ў гісторыі вядомыя. Можам паглядзець на Паўночную Ірландыю — там працавалі дзеля таго, каб аб’яднаць грамадства пасля вельмі моцнага канфлікту, але гэта адбывалася пасля пэўных палітычных рашэнняў.

Калі мы проста прапануем перагарнуць старонку і забыць — дык гэта ўсё асядае дзесьці ў чалавечай псіхіцы і потым можа выліцца ў небяспечныя рэчы".

Ды не так шмат людзей гатовыя да агрэсіі і радыкалізацыі, не так шмат людзей могуць заставацца абыякавымі. Большая частка людзей перажывае моцна і эмацыйна сітуацыю, што доўжыцца ўжо год, як і апошнія падзеі. А прапановаў дзеянняў, якія адкрывалі б пазітыўную перспектыву, мала. Дзеля грамадскага здароўя, кажа Таццяна Валадажская, прынамсі дэмакратычнай частцы грамадства, варта звярнуцца да прапановаў, якія адкрываюць не толькі эмацыйны, а і дзейнасны план.

"Вельмі варта дзеля грамадскага здароўя прадумваць практыкі дзеянняў, якія перавялі б людзей з перажывання ў нармальны стан дзеяння, чалавечага існавання", — заклікае сацыёлаг.

@methodology_by

Все посты канала