7 чэрвеня ў Мінску — "Майстар-клас Міхала Анемпадыства"
Напрыканцы акадэмічнага года ў Беларускім калегіуме, як заўсёды, адбудзецца майстар-клас Міхала Анемпадыстава. Толькі правядзе яго ўжо не ён...
Міхал Анемпадыстаў быў сябрам Беларускага калегіума ад самага пачатку яго стварэння. Больш за дваццаць гадоў таму ён прыдумаў лагатып Калегіума, доўгі час чытаў лекцыі на аддзяленні філасофіі і літаратуры.
У 2017 годзе ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE, які рэалізоўваў Лятучы ўніверсітэт, узнікла спачатку аўтарская фотавыстава, а потым шыкоўная кніга "Колер Беларусі". З простых рэчаў, выяваў і колераў, іх побытавага ўжытку і гісторыі, Міхал ствараў шматмерны вобраз беларускай культуры, стылю ды ідэнтычнасці, нацыянальнага характару і светабачання. Гэтай тэме быў прысвечаны і апошні прачытаны Міхалам курс у Беларускім калегіуме.
Пра паэта, дызайнера, мысляра, аўтара тэкстаў знакамітага "Народнага альбома" Міхала Анемпадыстава распавядуць выкладчыкі і сябры Беларускага калегіума. І паспрабуюць правесці за яго ягоны майстар-клас. Бо творчы даробак Міхала Анемпадыстава будзе і надалей натхняць новыя пакаленні ды спрыяць кшталтаванню культуры нашай краіны.
У імпрэзе возьмуць удзел: Валянцін Акудовіч, Таццяна Вадалажская, Алена Дашкевіч, Адам Глобус, Ірына Дубянецкая, Кася Камоцкая, Сяргей Харэўскі.