Дзеяполе

Думаць Беларусь#1689

— Зачыненасць улады, пра якую вы сказалі, журналісты асабліва добра бачаць. Я вось думаў, ці можна яе параўнаць з савецкімі часамі канца 1970-х, калі людзі бачылі толькі партрэты членаў Палітбюро ці іх саміх на маўзалеі, а крэмленолагі ў якім-небудзь Вашынгтоне вылічвалі ступень уплыву таго ці іншага члена Палітбюро па тым, наколькі блізка ці далёка ён стаіць ад генеральнага сакратара. І я прыйшоў да высновы, што не зусім адэкватнае такое параўнанне. Бо тады прынамсі можна было вылічыць па тым, хто як і дзе стаіць. Што цяпер? Абсалютна невядома. Мы разумеем, што ўсім кіруе Лукашэнка, а вось якія рэальныя функцыі таго ж самага Віктара Лукашэнкі? Ці, напрыклад, сакратара Савета бяспекі? І дзе ў гэтым раскладзе знаходзіцца прэм’ер-міністар? Ці ён сапраўды другая асоба, якою мусіць быць паводле Канстытуцыі, ці 42-я — пасля нейкіх невядомых нам супрацоўнікаў апарата Савета бяспекі? Мы не ведаем.

— Так, вы маеце рацыю. І скажу болей. Калі выкарыстоўваць вашае параўнанне з СССР, дык сітуацыя ў сучаснай Беларусі значна горшая, бо ў савецкія часы не было такога адчужэння паміж партыйнай уладай і грамадствам. Напрыклад, пісьменнікі, хаця і знаходзіліся пад ціскам, але ўсё ж мелі кантакты з уладамі, маглі атрымліваць нейкую інфармацыю. А ў Беларусі створана татальная адчужанасць улады, і ўсякія кантакты абразаюцца, няма ніякага ператоку людзей з грамадзянскай супольнасці ва ўладу і наадварот. Нават у іншых краінах т.зв. "Еўразійскага саюза" такога няма — калі паглядзім на Казахстан, мы не заўважым такой рэзкай лініі падзелу паміж грамадствам і ўладай. А ў Беларусі гэта ёсць. Ёсць варожасць паміж рознымі часткамі беларускага грамадства. Таму сітуацыя больш складаная, чым у савецкія часы, калі ідзецца пра веданне, што адбываецца ва ўладзе.

І вы таксама маеце рацыю ў тым, што мы не можам ведаць, аналізуючы фармальную структуру пасад, хто валодае рэальнай уладай і як гэтая рэальная ўлада размеркавана. Бо фармальная структура — гэта толькі адна частка функцыявання ўладнай сістэмы. Іншая частка — гэта розныя групы ўнутры улады, якія маюць уплыў на прыняцце рэальных палітычных рашэнняў. Ну і ёсць, вядома, міжасабовыя адносіны і ўзаемазалежнасці ўнутры сістэмы. І гэтыя міжасабовыя сувязі ў аўтарытарнай сістэме набываюць часам вельмі вялікую ролю. Таму казаць рэальна, хто такі той ці іншы чалавек, на што ён уплывае, якія вагары ўлады ён мае — мы не можам.

— А як бы вы ацанілі ступень даверу да афіцыйнай інфармацыі, да заяў той жа спн. Эйсмант з боку грамадства і экспертнай супольнасці? Калі зноў жа прыгадваць СССР, дык ступень даверу да афіцыйнай інфармацыі ў апошнія дзесяцігоддзі была невысокая. Хаця інфармацыя была мінімальная, толькі пра з’езды КПСС ды пленумы ЦК, пра пасяджэнні Палітбюро паведамлялася ўжо толькі пры Гарбачове.

— Як аналітык я карыстаюся, вядома, неафіцыйнай інфармацыяй. Афіцыйныя паведамленні сканструяваныя так, што з іх наўрад ці можна зразумець рэальную сітуацыю. Яны адлюстроўваюць толькі адзін бок, дэманструючы афіцыйную пазіцыю, тое, як улады хочуць, каб сітуацыя ўспрымалася. А не якая яна ёсць насамрэч. Успрымаецца прыблізна так: "Яны, вядома, нам хлусяць, але з гэтага можна нешта зразумець". Таму аналітыкам, акрамя афіцыйнай інфармацыі, неабходна выкарыстоўваць іншыя крыніцы. Разглядаць сітуацыю ў комплексе. Толькі ў такім выпадку можна штосьці зразумець, і тое не заўсёды. Напрыклад, мне вельмі смешна чытаць развагі некаторых аналітыкаў пра групоўкі ва ўладзе, якія змагаюцца адна з адной: маўляў, адны арыентуюцца на Маскву, другія — на Захад, але ні ў кога насамрэч няма і мінімальнай інфармацыі.

Все посты канала