Дзеяполе

Думаць Беларусь#1759

​​ 🗣 Андрэй Ягораў: Дэцэнтралізацыя ў Беларусі запатрабаваная, але пры цяперашняй уладзе наўрад ці магчымая

Распусціць сельскія і пасялковыя саветы, а пасады кіраўнікоў мясцовых адміністрацый зрабіць выбарнымі прапанавала старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала СТВ. Таксама яна заявіла, што ў перспектыве не супраць паглядзець і на выбарнае кіраўніцтва гарадоў ды раёнаў.

З нагоды гэтых выказванняў "Белсат" пацікавіўся меркаваннем дырэктара Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава.

"Дэцэнтралізацыя ў Беларусі запатрабаваная і з боку грамадзян: як паказваюць розныя даследаванні, яны б жадалі бачыць выбарных кіраўнікоў мясцовай улады. А з іншага боку, міжнародныя актары патрабуюць пэўнай дэцэнтралізацыі, фінансуючы праграмы ў Беларусі. І ўвогуле, падвышэнне кампетэнцый мясцовых уладаў у развязанні лакальных праблем — дастаткова разумны крок", — кажа палітолаг.

Але Андрэй Ягораў адразу вяртае нас да беларускай рэчаіснасці. Паводле яго словаў, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі аніякіх прынцыповых зменаў тут не дапусціць, бо гэта будзе азначаць страту кантролю над палітычнаю сітуацыяй у краіне:

"Лукашэнкаўская сістэма, выбудоўваючы вертыкаль улады, зліквідавала значную ступень самастойнасці мясцовых органаў. Пазбавіла іх кампетэнцый, зрабіла цалкам фіктыўнымі мясцовыя саветы, стварыла вертыкаль гэтых саветаў, якія падпарадкаваныя Савету Рэспублікі, панізіла іх статус і магчымасці ўплыву на рэальнае прыняцце рашэнняў, а ўсе выканкамы былі падпарадкаваныя вертыкалі ўлады".

Все посты канала