🗣 Уладзімір Мацкевіч: Дзяржаве выгадна, каб маладзёны даўжэй вучыліся, а не пополнялі шэрагі беспрацоўных
Сёння стартаваў прыём дакументаў для абітурыентаў. Падацца на бюджэтную форму навучання трэба цягам 5 дзён, на платную форму дакументы можна падаваць ажно да 4 жніўня. Сёлета ўніверсітэты, раней чым звычайна, апублікавалі расцэнкі на навучанне. Звязана гэта з тым, што цэны на яго павысіліся.
Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч кажа "Белсату" , што, незалежна ад якасці навучання і коштаў на яго, ахвотных атрымаць дыплом аб сканчэнні ВНУ асабліва не паменее. Для адных гэта спосаб "адкасіць" ад войска, для іншых — лепей падрыхтавацца да небагатага на вакансіі рынку працы.
З апошняй прычыны і дзяржаве выгадна, каб маладзёны даўжэй вучыліся:
"Гэта спосаб затармазіць беспрацоўе тых людзей, якія не могуць уладкавацца на працу. Гады, якія чалавек траціць на навучанне, паслабляюць ціск на беспрацоўе".
Паводле адмыслоўца, шмат выпускнікоў не могуць знайсці працу па сваёй спецыяльнасці. А некаторыя з тых, хто ўсё ж уладкоўваецца, на практыцы бачаць, што атрымалі веды, далёкія ад сучасных патрабаванняў жыцця. Як, напрыклад, педагогі, лічыць Уладзімір Мацкевіч:
"Іх рыхтуюць па старых уяўленнях пра сярэднюю школу, яны нават не разумеюць, не ведаюць, як спраўляцца з сённяшнімі тэхналагічнымі навінкамі, як будуецца сёння прарыўная адукацыя ў свеце".