Дзеяполе

Думаць Беларусь#2164

​​ ❓ 🗣 Таццяна Вадалажская — [пра ролю і пазіцыю публічнай персоны для беларускага грамадства

](https://www.facebook.com/tvodol/posts/2973221332690166 )Прачытала два вялікіх інтэрв’ю — Святланы Алексіевіч і Віктара Бабарыкі . І цяпер думаю пра "ролю асобы ў гісторыі", ці, хутчэй, пра ролю і пазіцыю публічнай персоны для беларускага грамадства.

З аднаго боку, публічная персона, чыё меркаванне цікавае і можа быць калі не арыенцірам, то нагодай для развагаў, таму яна і выбітная, што мае ўласную пазіцыю, не прылагоджвае яе да таго, каб падабацца. Людзі выказваюць публічна сваё асабістае, прыватнае меркаванне. Менавіта гэта і прыцягвае ўвагу і павагу. Індывідуальнасць.

Але ж у публічнага выказвання ёсць неад’емная частка — яно заўсёды ёсць дзеянне. Хочуць таго ці не хочуць нашыя героі, яны не толькі гавораць, але і нешта робяць сваім выказваннем.

Звычайна, яны не хочуць гэтага, не гатовыя і не абавязаныя. У іх пытаюцца прыватнага і індывідуальнага меркавання. Яны яго і прапануюць. Напэўна, калі б кожнае такое выказванне разглядалася імі як дзеянне, яны б увогуле адмаўляліся штосьці казаць.

І гэта такая дылема — шчырасць і незважанне на тое, як гэта адгукнецца, і тое, як менавіта адгукаецца, што робіцца ці не робіцца.

Я не ведаю, ці было б мне цікава чытаць Алексіевіч, калі б кожнае яе слова было вывераным пасылам. І пры гэтам я ведаю, што некаторыя пасылы могуць зрабіць толькі такія публічныя людзі, як Алексіевіч ці Бабарыка.

Абодва яны кажуць пра слабасць грамадства Беларусі, немагчымасць супраціўляцца моцы ці то звонку, ці то ўнутры.

І "аб’ектыўна" з гэтым нельга не пагадзіцца. Абывацельскі немагчыма. Бо абывацель фіксуе відавочнасць, фіксуе тое, што яму паказалі — на экранах, у адчуваннях...

Бачыць і пазначаць тое, што не мае відавочных праяваў — гэта інтелектуальныя, культурныя і этычныя высілкі. І публічныя асобы маюць такую ўнікальную магчымаць — надаваць моцы невідавочнаму, яшчэ не праяўленаму. У Беларусі хіба толькі яны і маюць такую суперсілу, сілу слова, сілу называць рэчы імёнамі, у якіх яны павінны збыцца, стацца.

А пакуль я чытаю два добрых, цікавых і разумных інтэрв’ю з прыватнымі публічнымі асобамі Беларусі.

Все посты канала