Дзеяполе

Думаць Беларусь#2274

✌️ 🗣 Андрэй Ягораў: Беларусь чакае сістэмны крызіс, беларуская цэнтралізаваная ўлада не здольная даць яму рады

Беларусь чакае не толькі эканамічны, але і сістэмны крызіс, і беларуская цэнтралізаваная ўлада не здольная даць яму рады. Перамены ж могуць адбыцца толькі тады, калі людзі пабачаць адказ на пытанне: "Хто, калі не ён?"

Пра гэта кажа ў інтэрв’ю "Свабодзе" старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў. З экспертам гутарыў — Віталь Цыганкоў.

— Нядаўна вы апублікавалі артыкул , у якім сцвярджаеце, што Беларусь стаіць на парозе не толькі эканамічнага, але і сістэмнага палітычнага крызісу. Якія вашы асноўныя аргументы на карысць гэтай версіі?

— Беларусь у сувязі з каронавірусам уступае ў крызіс ладу жыцця насельніцтва. Людзі вымушаны разумець, што жыць так, як раней, ужо немагчыма, і давядзецца абіраць нейкія іншыя формы паводзін. І гэта падштурхоўваецца надыходам эканамічнага крызісу, які ў нас атрымаўся не толькі, як ва ўсім свеце, з прычыны каронавіруса, але і з уласна беларускіх прычын.

У выніку людзі не могуць вырашыць свае надзённыя пытанні і пачынаюць нервавацца, расце сацыяльнае напружанне. Усе гэтыя працэсы паскараюцца, падганяюць адзін аднаго і нясуць вялікую небяспеку ў найбліжэйшыя год-два для ўсіх аспектаў жыцця Беларусі.

І гэта ўсё патрабуе хуткіх і рашучых захадаў рэагавання з боку беларускай улады. Але мы сустракаемся з сітуацыяй, што беларуская дзяржава, сістэма беларускай улады звышцэнтралізаваная. Гэтая звышцэнтралізацыя з нізкай ініцыятывай і інавацыямі вельмі кепска дае рады крызісам. Таму і ўзнікае сістэмны крызіс, бо сістэма не можа прымаць хуткія і адэкватныя рашэнні.

— Калі вы ды іншыя палітолагі разважаеце пра тыя адказы, якія можа даць дзяржава — то варта ўлічваць, што ва ўладных структур могуць быць свае інтарэсы. І яны могуць быць накіраваны найперш на захаванне ўлады падчас крызісу, а не на перамогу над крызісам. Уладзе, магчыма, важней любой цаной захаваць палітычную стабільнасць і статус-кво. Можа, гэта для кіраўніцтва больш важная задача, чым барацьба з эканамічным крызісам, якога ўсё роўна не спыніць?

-- Тут няма вялікага выбару. Каб захаваць сябе — улада вымушана звяртаць увагу на патрэбы насельніцтва. І калі мы прагназуем развіццё крызісу ў тых памерах, як пра гэта пішуць незалежныя эканамісты (да 10% ВУП), дык такое падзенне значна большае, чым было ў 2011 годзе. І, як памятаеце, тады той крызіс выліўся ў спарадычныя бунты людзей, бо яны трапілі ў сітуацыю, калі не маглі вырашыць надзённыя праблемы. І калі цяпер людзей выштурхоўваюць у "сацыяльныя адпачынкі" ці нават у адпачынкі без захавання заробку — то як ім жыць? І яны пачынаюць патрабаваць вырашэння гэтай сітуацыі.

І ім няма да каго яшчэ ісці, акрамя як да беларускай дзяржавы. Не да нейкіх мясцовых уладаў ці бізнесоўцаў, а менавіта да цэнтральнай беларускай улады. Бо ў гэтым і палягаў "сацыяльны кантракт", які існаваў апошнія гады — "улада забяспечвае мінімальныя патрэбы, а людзі не бунтуюць". Калі ўлада перастае забяспечваць — людзі пачнуць бунтаваць.

У 2011 годзе гэта ўжо пачало адбывацца, і ўратавала ўладу толькі адносная непрацягласць эканамічнага крызісу. Параліч цэнтральнай улады пачынаўся, але не дайшоў да сваёй глыбіні. Бо крызіс цягнуўся з паўгода і не паставіў моцных палітычных пытанняў да ўлады. 👉🏿

Все посты канала