Дзеяполе

Думаць Беларусь#2380

​​ Таццяна Вадалажская: Прадказальныя вынікі гэтых "выбараў" найбольш небяспечныя для крэатыўнай і дзейснай часткі беларускага грамадства

Кожныя пяць год мы з̶ ̶с̶я̶б̶р̶а̶м̶і̶ беларускім грамадствам ідзем у... "выбары".

"Мы ўсе ўсё разумеем", але медыі не могуць не пісаць, аналітыкі — не аналізаваць, чытачы — не чытаць, актывісты — не вызначацца з лепшымі "кандыдатамі"... Як ні круці, "выбары" — гэта частка беларускай культуры, якая адбываецца між волі. Усё тут прадказальна, хоць і прыкра.

Прадказальныя таксама і вынікі, вынікі для грамадства. І менавіта яны выглядаюць найбольш небяспечнымі.

Мы ведаем, што кожным разам у "выбарчую" кампанію так ці інакш уключаюцца людзі. Яны, нават "усё разумеючы" ў працэсе, напрыканцы патрапляюць у моцную дэмаралізацыю, дэпрэсію і г.д. Кожныя чарговыя "выбары" выключаюць з актыўнага беларускага грамадства частку тых, хто мае імпэт, надзеі, актыўнасць... Раней тымі, хто патрапляў у гэтыя шэрагі, былі людзі так ці інакш палітычна ангажаваныя — актывісты. Кожным разам гэта былі новыя пакаленні, але агулам прыкладна тая ж сацыяльная група. Пасля чарговага расчаравання, у лепшым выпадку, яны забіваюць на грамадскую і палітычную дзейнасць, у горшым — з’язджаюць.

Выхад двух нечаканых "кандыдатаў" у гэтым годзе сам па сабе нічога не мяняе ў тым сцэнары, што будзе разыгрывацца. Але запрацавала машына, і людзі пачалі ўключацца. І вось што важна: гэтыя "кандыдаты" "ўключылі" новыя сацыяльныя групы. Тых, хто раней абыходзіў усё гэтае і, у тым ліку, масава не патрапляў пад "поствыбарчую" дэмаралізацыю. Не ўключаўся ў дзеянні і лад "выбарчага" мыслення і абмінаў гэты загадзя зразумелы вынік.

Я гляджу на гэтыя тысячы сабраных чальцоў ініцыятыўных груп і бачу не толькі ажыўленне палітычнага поля, а тых, хто будзе тым ці іншым чынам дэмаралізаваны. А гэта на сёння самы актыўны, самастойны, патэнцыяльны пласт беларускага грамадства. Гэта людзі, якія маюць свой малы ці сярэдні бізнэс. Яны актыўныя, ініцыятыўныя, здольныя да пошуку рашэнняў, яны маюць сваю справу і робяць яе тут. Фактычна, гэта тыя, хто сёння задае развіццё краіны.

Магчыма, я недаацэньваю перспектывы таго, што нешта пойдзе не так. Магчыма, я не правільна ацэньваю тую рэакцыю, на якую здольныя гэтыя людзі. Але пакуль я больш за ўсё маю апасенні ў тым, што гэтая кампанія "ўнясе" з сабой яшчэ і цэлы пласт тых, хто робіць сённяшнюю і заўтрашнюю Беларусь.

Все посты канала