Переслано из: Distant: Лятучы ўніверсітэт
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню ў якасці дзяржаўных сімвалаў краіны.
🤍❤️🤍 Міхал Анемпадыстаў "СЦЯГ"
"...сцяг даруецца нам звыш, з неба ці проста з паветра. Паўстанне сцяга – гэта матэрыялізацыя ўпадабанняў, настрояў, мараў супольнасці, якія ў сваю чаргу вынікаюць з гістарычнага досведу, каштоўнасцяў і традыцыі. Той, хто ёсць часткай гэтай супольнасці, думае і дзейнічае ў межах яе культурнай прасторы, адчувае яе «душу» і змены настрою, можа стаць стваральнікам нацыянальнага сцяга, і нават не «стваральнікам», а «сустваральнікам», «рэтранслятарам», «правадніком».
Сустваральнікам нашага сцяга стаўся архітэктар, паэт, грамадскі дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Гэта ён зрабіў накід бел-чырвона-белага, задаў ягоныя прапорцыі, каларыстыку і шырыню стужак, фактычна падсумаваўшы і матэрыялізаваўшы тое, што назапасілі наш геральдычны чын, літургічная традыцыя і народнае мастацтва. Чырвань на белым тчэцца, не абрываецца ад часоў дахрысціянскіх, праз Сярэднявечча, Рэнесанс, барока і рамантызм, чырвонай стужкай перацякае з ручніка на харугву, з харугвы на тарчу, штандар, сцяг.
Наш сцяг падаецца мне адным з самых прыгожых у свеце. Я разумею, што не магу быць незаангажаваным, але гэтае спалучэнне колераў аб’ектыўна пасуе для акцэнтацыі аб’екта з пункту гледжання каларыстыкі, оптыкі, псіхалогіі і фізіялогіі зроку. Узнікае такі аптычны эфект, быццам сцяг сам выпраменьвае святло. Ён урачысты, пазітыўны, вітальны. Чырвоны і белы – колеры Хрыстовы, таму гэта боль і пакута, перамога над смерцю і Любоў. Аднак не толькі і не столькі эстэтычнымі катэгорыямі вымяраецца вартасць сцяга, перадусім яна вымяраецца нашымі перамогамі і годнымі учынкамі. Вымяраецца нашымі краявідамі, паданнямі і міфамі, нашым мінулым і той будучыняй, якую мы ствараем цяпер".
https://budzma.by/news/prostyya-rechy-mikhala-anyempadystava-scyah.html