Дзеяполе

Думаць Беларусь#3045

Уносіць у санкцыйны спіс імёны дзяржаўных асобаў, датычных да фальсіфікацый і гвалту над удзельнікамі мірных пратэстаў, ЕС пачаў ужо праз пяць дзён пасля прэзідэнцкіх "выбараў" у Беларусі.

Аднак зацверджанне пастановы на паседжанні Камітэта замежных спраў у Еўрапарламенце чарговы раз заблакаваў Кіпр. Нікасія выступае не супраць Беларусі, а за паслядоўнасць: каб ЕС найперш разгледзеў абмежаванні ў дачыненні Турцыі, якая вядзе выведку газавых радовішчаў у спрэчных водах Міжземнамор’я.

Нават у выпадку адсутнасці кансэнсусу ў ЕС, санкцыі могуць уводзіць так, як гэта зрабілі краіны Балтыі.

"У гэтай сітуацыі тады асобныя краіны ЕС пачнуць прымаць свае санкцыйныя спісы. Спісы будуць прымацца на нацыянальным узроўні і, хутчэй за ўсё, наступнымі краінамі, якія пачнуць уводзіць санкцыі, будуць краіны Паўночнай Еўропы", — кажа "Белсату" палітолаг Андрэй Ягораў.

Падтрыманне Беларусі спатрэбіцца перадусім пасля сыходу Лукашэнкі. Апроч пакетаў дапамогі для пацярпелых ад рэпрэсій, што ўжо пачалі працаваць, і дзеля барацьбы з COVID-19, Польшча, Літва ды Румынія запрапанавалі, каб ЕС падтрымаў г.зв. "План Маршала" для нашае краіны. Гаворка ідзе пра суму ад трох да пяці мільярдаў долараў для выхаду з крызісу.

"Умовамі трэцяга пакета можа быць толькі дыялог паміж беларускімі ўладамі, хоць бы нейкая форма кампрамісу паміж Каардынацыйнай радай — з аднаго боку, і беларускімі ўладамі — з іншага. Магчыма — прызначэнне часовага ўраду", — мяркуе Андрэй Ягораў.

Літва, Польшча і Румынія ў супольнай заяве таксама прапанавалі спрасціць гандаль Беларусі з ЕС, пасярэднічаць падчас перамоў наконт уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, дапамагчы ў правядзенні эканамічных рэформ ды ўвесці для беларусаў бязвізавы рэжым. Па сутнасці, гэта дамова пра асацыяцыю, якую ўжо падпісалі Грузія, Малдова ды Украіна.

План дапамогі Беларусі абмяркуюць на Саміце кіраўнікоў дзяржаў ЕС, што запланавалі на 1-га і 2-га кастрычніка. Тамсама і вернуцца да пытання візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Ёсць шанец, што да таго часу і Кіпр перадумае.

@methodology_by

Все посты канала