Больш за чатыры сотні крымінальных спраў супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту і ніводнай супраць сілавікоў. Пры гэтым з заявамі аб збіцці ў следчыя органы звярнуліся амаль 2 тысячы чалавек.
"Гвалт у дачыненні нават да выпадковых людзей, якія трапляюць пад дубінкі, гэта запужванне і спроба спыніць пратэсты, каб людзі баяліся і страх не дазваляў выходзіць ім на вуліцы", — тлумачыць "Белсату" палітолаг Андрэй Ягораў.
Крымінальныя справы не распачынаюцца таму, што існуе кругавая парука, упэўнены ён:
"Як толькі будзе хоць адна справа, хоць некалькі выпадкаў, калі яны будуць асуджаныя, то наступны чалавек будзе ведаць, што ёсць імавернасць таго, што і ён будзе пакараны. Таму ён будзе ўстрымлівацца ад такіх дзеянняў, і значна складаней будзе іх накіраваць на такога кшталту працу, на ўжыванне такога гвалту, які яны выкарыстоўваюць зараз".
Па-сапраўднаму спыніць пратэсты, мяркуе палітолаг, магло б выкананне двух патрабаванняў: расследаванне гвалту і вызваленне палітзняволеных.
Радыкалізацыя ж пратэсту прывядзе толькі да паглыблення крызісу.