Дзеяполе

Думаць Беларусь#3224

Уладзімір Мацкевіч: Павінна быць абвешчаная дарожная мапа нашага руху да перамогі

Акцыі пратэсту і частковыя забастоўкі паводле "Народнага ўльтыматуму" паказалі адчувальны поспех, кажа "Белсату" філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Народ адгукнуўся на заклік Святланы Ціханоўскай, зʼявілася сувязь з сімвалам пратэсту, і гэтую сувязь трэба ўзмацняць. Але палітычны крызіс можна развязаць толькі палітычнымі метадамі:

"Гэтыя палітычныя метады патрабуюць зараз, неадкладна абвесціць, што ўлада ў Беларусі, другі цэнтр улады — гэта Святлана Ціханоўская і Каардынацыйная рада. Па-другое, Святлана Ціханоўская ад свайго імя і з далучэннем Каардынацыйнай рады павінныя абвесціць дарожную мапу нашага руху да перамогі і пазначыць, чым ёсць нашая перамога", — сцвярджае філосаф.

Пры гэтым не варта чакаць, пакуль абудзяцца ўсе заводы, падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч. Сённяшняя мірная рэвалюцыя беларусаў — не рэвалюцыя "рабочых і сялян":

"Не варта спадзявацца на рабочых, якія сёння павязаныя крэдытамі, кантрактамі. Гэта ўжо не тыя рабочыя, якім не было чаго губляць, акрамя сваіх кайданоў і ланцугоў. Сёння мы маем паўстанне ўсяго грамадства", — упэўнены адмысловец, але дадае, што не варта ані перабольшваць значэнне забастовак, ані заніжаць іх вартасць.

Бо ў цяперашнім руху да свабоды ад дыктатуры прадстаўленае ўсё грамадства.

@methodology_by

Все посты канала