Уладзімір Мацкевіч: Трэба ставіць і дасягаць канкрэтныя мэты
Неабходна не проста выходзіць на вуліцы і ладзіць маршы з рознымі назвамі, а найперш варта ставіць перад сабой і дасягаць канкрэтныя мэты. У гэтым перакананы філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.
Менавіта таму пратэстныя акцыі цягнуцца вось ужо пяць месяцаў, перамогу дасягнуць за лічаныя тыдні не атрымалася, адзначыў філосаф у інтэрв’ю "Беларускаму Радыё Рацыя"
.
— Ваша агульная адзнака пратэстаў: у які бок яны зараз зайшлі, куды ідуць?
— Калі мы паглядзем на тое, як мы ходзім кожны дзень, — а ходзім мы, напрыклад, у нядзелю ці ў іншыя дні, ходзяць пенсіянеры ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі, — то мы ходзім проста прадэманстраваць, не маючы мэты. Куды дойдзем — туды дойдзем, ці нас перапыняць, ці стомімся самі — і разыходзімся да наступнага разу.
Вось калі паглядзець на ўсе пратэсты за гэты пяты ўжо месяц, то я б сказаў так: а іншымі яны і быць не могуць, калі мы не ведаем дакладнай мэты, да чаго вядуць нашыя пратэсты, маршы і г.д. І мы можам так хадзіць яшчэ шмат-шмат часу, бо ўсё ж такі ўпартасць і натхненне захоўваюцца. Адбываецца шмат дваравых сустрэчаў, не стала цэнтральнага маршу —людзі пачалі хадзіць па раёнах.
Але канчатковай мэты не бачна. І пакуль няма грунтоўнага запыту на мэту, куды мы павінны дайсці з гэтымі пратэстамі. Таму так яно ўсё і адбываецца.
— А як вы лічыце, якая павінна стаць галоўная мэта пратэстаў?
— Пратэсты павінны прывесці да двоеўладдзя. Гэта калі мы ўсе адмаўляемся падпарадкоўвацца рэжыму і лічым сваёй уладаю Святлану Ціханоўскую і тыя структуры, якія былі створаны па яе ініцыятыве. Мы павінны ўсе разам, усё нашае грамадства, абвесціць іх нашай уладай.
І сваімі пратэстамі, маршамі, страйкамі, іншымі спосабамі, вялікімі і малымі, якімі валодаем, мы павінны прымусіць рэжым пайсці на перамовы.
Перамовы — гэта прамежкавая мэта. Перамовы павінны весці нас да ўтварэння часовага ўраду — кампраміснага, з удзелам часткі рэжыму, якая не запэцканая злачынствамі, і з удзелам тых, хто складае наш палітычны цэнтр. І гэты часовы ўрад павінен прывесці нас да новых выбараў, але новых выбараў — ва Устаноўчы сход, які стварыць новую Канстытуцыю, з прыняццем якой адбудзецца "перазагрузка" дзяржавы.
Калі б мы ўсе разумелі гэта, то мы рухаліся б ад адной прамежкавай мэты да другой і нарэшце прыйшлі б да канчатковай мэты.
— А "Усебеларускі народны сход" — наколькі такая ініцыятыва можа стаць рэальнай?
— Лукашэнка правёў таемную "інаўгурацыю" і абвясціў сам сябе нібыта "прэзідэнтам", зрабіўшы гэта ў коле безгалосных людзей, якіх сабраў прымусова. Ён змог зрабіць патаемную "інаўгурацыю", таксама ён можа зрабіць амаль патаемны нібыта "ўсебеларускі сход" і абвесціць там усё што заўгодна. Але гэта не мае аніякага прагматычнага сэнсу, бо гэта цалкам махлярства. І, дзякуй Богу, усе гэта ўжо разумеюць. Калі раней гэтыя "ўсенародныя сходы" маўкліва прымаліся, — хтосьці разумеў, хтосьці не разумеў, што гэта махлярства, адбылося і адбылося, — то зараз такія "сходы" ўжо не маюць аніякага значэння для будучыні Беларусі.
Слухайце размову цалкам
👇🏿
@methodology_by