Дзеяполе

Думаць Беларусь#3599

​​ Уладзімір Мацкевіч: Царкву "Новае жыццё" трэба падтрымаць, бо гэта адзін з пунктаў нашага агульнага змагання з рэжымам

17 лютага пратэстанцкую царкву "Новае жыццё", якая аб’ядноўвае больш за паўтары тысячы чалавек, прымусова выселілі з яе будынка, што месціцца на ўскрайку Мінска ў мікрараёне "Сухарава".

Змаганне за будынак сваёй царквы вернікі вядуць ужо два дзесяткі гадоў.

У 2001 годзе царкоўная абшчына звярнулася ў Мінгарвыканкам з просьбай выдзеліць пляц пад будоўлю малітоўнага дома ў межах горада. Аднак улады адмовілі, бо да 2010 года, маўляў, усе ўчасткі былі зарэзерваваныя.

У 2002 годзе царква "Новае жыццё" выкупіла занядбаны кароўнік на тэрыторыі, якая тады адносілася да Мінскага раёна. Будынак быў адрамантаваны сіламі вернікаў, а для яго абслугоўвання абшчыне быў выдзелены зямельны ўчастак.

Улады адмаўлялі царкве ў арэндзе памяшканняў для набажэнстваў. Так з 2004 года вернікі пачалі маліцца ў былым кароўніку.

У 2005-м тэрыторыя, дзе месціцца будынак царквы, была ўключаная ў склад Мінска, і кіраўніцтва горада пазбавіла рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, які раней быў выдзелены царкве бестэрмінова. Суд вынес прадпісанне аб высяленьні царквы з яе будынка.

У знак нязгоды з такімі рашэннямі ўладаў у 2006 годзе вернікі правялі 23-дзённы пост-галадоўку — акцыю, якая атрымала шырокі розгалас як унутры краіны, так і за яе межамі. Дзякуючы гэтым рашучым дзеянням, у вернікаў атрымлівалася не пакідаць і захоўваць свой малітоўны дом цягам яшчэ амаль 15 гадоў.

У 2009 годзе суд пазбавіў абшчыну права ўласнасці на будынак царквы "за нямэтавае выкарыстанне". Уласнікам будынка была прызначаная ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска.

Новы ўласнік не раз звяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваннем прымусіць царкву "Новае жыццё" вызваліць памяшканне, і вось сёлета 17 лютага гэта адбылося прымусовым чынам.

Як стала вядома ў 2019 годзе, згодна з новым планам забудовы раёна, на месцы царквы нібыта вырашана пабудаваць школу з басейнам.

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч належыць да іншай царквы. 15 гадоў таму ён браў удзел у посце-галадоўцы ў абарону царквы "Новае жыццё", галадаваў 23 дні.

"У той час, пасля разгону Плошчы, пасля спадзяванняў, якія не збыліся, у краіне і грамадстве была апатыя. І на гэтым тле паўстала пытанне барацьбы за будынак былога кароўніка, пераабсталяванага пад царкву. На тле апатыі пост-галадоўка, гэтая барацьба сталася значнай грамадскай падзеяй, — кажа "Свабодзе" Уладзімір Мацкевіч. — Яе падтрымалі не толькі пратэстанты, але каталікі і праваслаўныя, гэта мела розгалас па ўсім свеце. Гэтае паўстанне царквы і ўся гэтая барацьба вельмі натхніла грамадзянскую супольнасць".

Паводле Мацкевіча, група родзічаў галадоўнікаў недзе на 23-ы дзень пайшла ў Міністэрства аховы здароўя, але чыноўнікі ад іх разбегліся. Потым яны накіраваліся ў Мінгарвыканкам, дзе іх арыштавалі, а потым судзілі, сярод іншых, жонку Уладзіміра Мацкевіча.

"Гэтае паўстанне вырашыла сітуацыю, гэта была вельмі важная акцыя, каб перапыніць апатыю, дэпрэсію. Цяпер сітуацыя іншая: застой у нашай рэвалюцыі, але яна працягваецца, змаганне і барацьба ідзе паўсюль, — кажа Уладзімір Мацкевіч. — Канечне, трэба і цяпер падтрымаць царкву "Новае жыццё", гэта вельмі актыўная і ўплывовая царква. Але гэта адзін з пунктаў барацьбы".

Уладзімір Мацкевіч звязвае ўзмацненне ціску на царкву "Новае жыццё" з тым, што нехта спадзяецца завалодаць участкам зямлі, на якім цяпер знаходзіцца будынак.

"Нейкай структуры прыкарытнага бізнесу вельмі была патрэбная гэтая тэрыторыя раней, і, відаць, яны захавалі да яе інтарэс, каб разгарнуць там нейкую будоўлю. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць улады, рэжым. Тады царкве ўдалося выстаяць. Цяпер "прыкарытнікі" вырашылі, што "пад шумок" можна адцяпаць кавалак зямлі. Ужо цягам 26 гадоў рэжыму адбываюцца вось такія рэйдарскія захопы", — кажа Уладзімір Мацкевіч.

@methodology_by

Все посты канала