Уладзімір Мацкевіч: Нам трэба ўтварыць дзяржаву наноў
У беларусім грамадстве актуалізавалася пытанне пра канстытуцыйную рэформу. Грамадская Канстытуцыйная камісія на чале з Анатолем Лябедзькам пад эгідай Святланы Ціханоўскай высунула на шырокае абмеркаванне праект новага Асноўнага закона краіны. У той жа час Лукашэнка абвясціў склад сваёй Канстытуцыйнай камісіі, якая мусіць працаваць над зменамі ў дзеючай Канстытуцыі.
Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч пытанне змены Канстытуцыі на цяперашнім этапе лічыць несвоечасовым. Можна шмат дыскутаваць пра Канстытуцыю, але сёння літаральна трэба дзяржаву будаваць ад пачатку, сказаў ён у эфіры "Беларускага Радыё Рацыя" :
— Усталяванне, утварэнне дзяржавы. Нам трэба ўтварыць дзяржаву наноў. І для гэтага павінна быць паўнапраўнае народнае прадстаўніцтва. Устаноўчы сход, ці Канстытуцыйная асамблея, як гэтая калька з французскай мовы гучыць, а не тое, што нейкая група нават дасведчаных і кампетэнтных людзей напіша нейкі тэкст. Тым больш, што заўсёды могуць быць сумненні ў кампетэнтнасці і адказнасці гэтых людзей.
Нам трэба абнуліць, зрабіць перазагрузку. То бок, усе заканадаўчыя акты, усе інстытуты, якія створаныя пры гэтай дыктатуры, мы павінныя абвесціць нелегітымнымі, не маючымі ніякага права на існаванне. Пасля гэтага — перыяд часовага ўрада, калі мы ўсё робім наноў. Усталёўваем дзяржаву нібыта ўпершыню, але з пераемнасцю ад БНР і з улікам таго, што існавала на працягу 30 год усё ж такі незалежная суверэнная Беларусь. Выкрэсліць гэтыя 30 год з нашай гісторыі немагчыма. Але мы павінныя ўсё, што створана за гэты час, лічыць незаконным і нелегітымным.
— Лукашэнка шмат гаварыў на тэму Канстытуцыі, і прыгадаем яго словы: "з новай Канстытуцыяй я з вамі ўжо працаваць не буду". Як вы думаеце, ці ёсць у Лукашэнкі мэта стварыць сапраўды добрую Канстытуцыю для беларсаў і сысці?
— Зразумела, што няма ў мяне такога даверу. Больш за тое, я дакладна ведаю, што злачынца, тэрарыст дзяржаўнага роўню не можа стварыць нічога добрага. Ён заўсёды хлусіць. І думаю, што хлусіць ён і зараз. Больш за тое, група, якую ён абвесціў, гэта злачынцы, гэта людзі, якія цалкам падпарадкаваныя Лукашэнку, і ім ніколі нельга даверыць нават прыняцця простага рашэння, не кажучы ўжо пра напісанне Канстытуцыі. Махляры, "шасцёркі" рэжыма не могуць напісаць добрую Канстытуцыю. І гэта трэба ўсвядоміць усім грамадзянам Беларусі.
— Тады навошта Лукашэнку гэтая Канстытуцыя? Бо т.зв. "Усебеларускі народны сход" паказаў, што ён ужо вырашыў для сябе, што няма пратэстаў і ён можа спакойна далей сядзець на сваёй пасадзе. Навошта Лукашэнку гульні з Канстытуцыяй?
— Ён жа разумее, што той урад, які ён прызначыў, цалкам некампетэнтны. І кіраваць краінай ён не можа. Эканоміку ўтрымаць ці гаспадарку нацыянальную ён не можа. То бок, краіна разбураецца на нашых вачах. Сёння латаюцца дзіркі ў бюджэце, каб захаваць утрыманне сілавікоў за кошт сацыяльнай сферы.
Тое, што ён гаворыць, гэта не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці. І нікуды ён не збіраецца сыходзіць. Бо ён можа толькі памерці на гэтай пасадзе ці яго можна забіць — ён сам пра гэта казаў. Бо калі ён сыдзе і будзе жывы, яго чакае вельмі і вельмі небяспечны лёс. Таму не трэба верыць ніводнаму слову Лукашэнкі.
Слухайце гутарку цалкам👇🏿