Дзеяполе

Думаць Беларусь#3930

Уладзімір Мацкевіч: Адсядзецца пры гэтым рэжыме нікому не ўдасца

Апошнім часам ціск з боку лукашэнкаўскага рэжыму зазнаў на сабе сектар няўрадавых арганізацый.

Пасля ПЭН-цэнтра ды БАЖ з праверкай прыйшлі да Руху "За Свабоду". Да 13 ліпеня грамадскае аб’яднанне мусіць прадставіць у Мінюст запатрабаваны стос дакументаў.

Яшчэ дзве грамадскія арганізацыі Вярхоўны суд днямі ліквідаваў. Гэта Аналітычны цэнтр "Стратэгія" і Беларуская асацыяцыя жанчын-юрыстаў. Маўляў, абедзве арганізацыі цягам трох гадоў не падавалі ў належны тэрмін інфармацыю пра сваю дзейнасць.

Гэтак званыя рэйды на НДА адбываліся і раней, цяпер жа рэжым узяўся за найбольш буйныя і ўплывовыя з іх, адзначае ў інтэрв’ю "Белстату" філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Узяліся — бо баіцца ўсялякай несанкцыянаванай актыўнасці:

"Самаарганізацыя актыўнасці чалавечай, якая дае магчымасці грамадзянам нешта супольна рабіць. А рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі, увогуле не трывае нічога аўтаномнага ад дзяржавы", — кажа метадолаг.

Ён лічыць, што адным падпарадкаваннем недзяржаўных арганізацыяў рэжым не задаволіцца:

"Спадзяюся, што гэты ціск, гэтая зачыстка пяройдуць тую рысу, за якой канчаюцца беларуская талерантнасць і цярплівасць, і ўрэшце людзі зразумеюць, што адсядзецца пры гэтым рэжыме не ўдасца".

Цяперашняя ўлада, на думку Уладзіміра Мацкевіча, імкнецца зрабіць з Беларусі стэрыльную краіну, населеную паслухмяным народам без непадкантрольнай актыўнасці.

@methodology_by @matskevich_u

Все посты канала