Дзеяполе

Думаць Беларусь#4106

Андрэй Ягораў: Мігранты могуць стаць сацыяльнай праблемай для самой Беларусі

Толькі цягам верасня памежнікі краін Еўрасаюза спынілі больш як 5 тысяч спробаў мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі нелегальна патрапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі. Гэта больш, чым за мінулы месяц. Прэм’ер-міністр Польшчы на адмысловай прэсавай канферэнцыі зазначыў, што ў Беларусі перабываюць мінімум 10 тысяч мігрантаў, якія будуць надалей спрабаваць трапіць у ЕС. Міграцыйны крызіс на мяжы ў Еўропе называюць гібрыднай вайною.

Ці беларускі рэжым самастойна атакуе суседзяў, ці мо гэта Пуцін вядзе гібрыдную вайну супраць Захаду рукамі Лукашэнкі? Дзе аўтары сцэнара, паводле якога мігранты вось ужо трэці месяц штурмуюць з тэрыторыі Беларусі межы ЕС: у Мінску ці ў Маскве?

"Рэальных сведчанняў таго, што за гэтым стаіць Расея, няма. З досведу ранейшых выпадкаў, калі ў рознага кшталту спецаперацыях задзейнічаная міжнародная інфраструктура, звычайна ёсць расейскі след, мы гэта бачылі ў выпадку з захопам Пратасевіча. Тут, калі задзейнічаныя кантакты з далёкімі краінамі, прычым дзе ў нас няма дастаткова сур’ёзнага ўплыву, можна падазраваць з дастатковай верагоднасцю, што ёсць пэўная дапамога Расеі", — кажа БЛСTV палітолаг Андрэй Ягораў.

Гібель на мяжы ўжо некалькіх мігрантаў падвышае стаўкі гуманітарнага крызісу. Лукашэнку гэта відавочна не спыніць. Беларускімі ўладамі прынята рашэнне, што самалёты з мігрантамі могуць прымаць не толькі ў нацыянальным аэрапорце "Мінск", але і аэрапортах абласных цэнтраў. Таксама пашыраны спіс краін, грамадзяне якіх могуць скарыстацца бязвізам, каб трапіць у Беларусь. Гаворка зноў пра краіны Блізкага Усходу і Афрыкі.

"З пункту гледжання ацэнкі дзеянняў беларускіх уладаў, гэта шантаж, яны шантажуюць Еўрасаюз гуманітарным крызісам, смерцю людзей, чужых людзей. Шантажуюць, бо граюць на каштоўнасцях, якія дэкларуе ЕС, граюць на эмоцыях еўрапейскіх выбарнікаў, людзей, прэсы", — кажа палітолаг.

Адказ Еўропы просты: ударыць грашыма. Брусель плануе пашырыць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Але гэта не ўсё, што можна зрабіць у гэтай сітуацыі. Час задзейнічаць міжнародныя судовыя механізмы ў дачыненні беларускіх службоўцаў рознага ўзроўню. Дзеянні беларускіх чыноўнікаў і камандавання памежнікаў ужо прывялі да людскіх ахвяр.

"Пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair, гэта наступны крок інтэрвенцыі ў прастору міжнародных норм: і праз штучнае стварэнне міграцыйнага крызісу, і праз ускоснае забойства людзей, якія і далей могуць гінуць на мяжы. Гэта ўжо міжнароднае крымінальнае злачынства. Тут ужо можна ініцыяваць судовыя працэсы і карыстацца такім вызначэннем, як "дзяржава-тэрарыст", — лічыць Андрэй Ягораў. 👉🏿

Все посты канала